Унікальная выстава пра Першую сусветную



Выстава, у якой больш за 900 экспанатаў, што распавядаюць пра падзеі Першай сусветнай вайны, адкрылася ў Гародні. У невялікай зале аддзела мастацтваў Гарадзенскай абласной бібліятэкі імя Карскага прадстаўлены фотаздымкі і архіўныя дакументы, узнагароды і манеты. Вялікую колькасць гэтых экспанатаў можна ўбачыць ўпершыню, і такіх збораў няма нават ў Гарадзенскім гісторыка-археалагічным музеі. Большасць экспанатаў прадстаўлена гарадзенскім краязнаўцам Аляксандрам Сівенкам, які распачаў гэты збор з гісторыі пра сваіх прадзедаў:

–   Мае прадзеды ваявалі на франтах Першай сусветнай вайны ў складзе расейскага войска. У сям’і заўсёды захоўваліся іх фатаграфіі і перадаваліся з пакалення ў пакаленне ўспаміны пра іх. Адзін з прадзедаў – ураджэнец Гарадзенскага ўезда Сцяпан Трафімавіч Сівенка – бараніў Айчыну з 249-ым Дунайскім пяхотным полкам, быў мужным воінам, выдатным стралком і атрымаў званне малодшага унтэр-афіцэра. А яго траюрадны брат – жыхар Гародні Мікалай Міхайлавіч Сівенка – скончыў лётныя курсы пры Петраградскім палітэхнічным інстытуце. Пазней стаў лётчыкам расейскага авіяцыйнага корпуса ў Вялікабрытаніі. Прадзед патрапіў на астравы Туманнага Альбіёна на знакамітым крэйсеры “Вараг”.

Асобная паліца распавядае пра гарадзенскі гарнізон і гарадзенскую крэпасць ды яе абарону ў 1915 годзе, калі немцы наступалі праз Гародню. Прадстаўлены таксама і замежныя выданні, што распавядаюць пра падзеі стогадовай даўніны.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Савелія Малчанава