Унікальны дуб даглядаюць пенсіянеры са Слоніма



У мікрараёне Альбярцін горада Слоніма жывуць на адной вуліцы два пенсіянеры – Іван Кобан і Эдуард Сушынскі. Першаму з іх 90 гадоў, другому – 80.

Іван Кобан усё сваё свядомае жыццё аддаў педагогіцы, працаваў настаўнікам і дырэктарам многіх школ на Слонімшчыне, а Эдуард Сушынскі 30 гадоў узначальваў Столінскі і Пінскі лясгасы, з’яўляецца ганаровым лесаводам Беларусі. Але ўжо 18 гадоў жыве ў Слоніме. Тут жылі яго бацькі. Бацька працаваў настаўнікаў у школе, якую ў Альбярціне ўзначальваў Іван Міхайлавіч Кобан. Аднойчы Іван Кобан прапанаваў бацьку Эдуарда Сушынскага пасадзіць дубок каля былой сядзібы ўніятаў (цяпер тут праваслаўная царква, а недалёка і касцёл). Настаўнік выканаў просьбу дырэктара. Дубок пасадзілі, ён прыняўся і вырас, і, аказаўся, унікальным дрэвам. Яму ўжо 50 гадоў. “Гэта, сапраўды, унікальны дуб, — распавядае ганаровы лесавод Беларусі Эдуард Сушынскі. – Дубу 50 гадоў, яго вышыня – 22 метры, дыяметр – 90 см, акружнасць – 297 см, размах кроны – 19 метраў. Гэты дуб можа расці больш за 300 гадоў. Такія дубы сустракаюцца на Беларусі рэдка”.

Іван Кобан распавёў гэту гісторыю з дубам сыну свайго былога настаўніка. І вырашылі яны разам, пакуль яшчэ жывыя, упарадкаваць тэрыторыю каля дуба, зрабіць шыльду, што дуб быў пасаджаны 7 лістапада 1967 года. Пайшлі два пенсіянеры па розных раённых начальніках, каб яны дазволілі і дапамаглі абгарадзіць дуб, паставіць лаўку каля яго і зацэментаваць пляцоўку. “Мы маем тэчку розных адказаў, што нельга гэта рабіць, што гэта добрая справа, але дапамагчы няма грошай і г.д.”, — распавядаюць пенсіянеры.

Але знайшліся ў Слоніме добрыя людзі, якія дапамаглі зрабіць усё, што яны запланавалі. Дуб абгарадзілі, паставілі лаўку, каля лаўкі зацэментавалі невялікую пляцоўку і прыемна пасядзець пад дубам. Тым больш, што побач знаходзяцца святыя храмы. 

Пенсіянеры Іван Кобан і Эдуард Сушынскі плануюць яшчэ пасадзіць побач некалькі дубкоў. Але, яны не гарантуюць, што трапіцца ім менавіта такія прыгожыя дубкі, як гэты.

Барыс Баль, Беларускае радыё Рацыя, Слонім Фота аўтара