Універсітэт імя Гілевіча звернецца па ліцэнзію на навучанне



Рэктарат прыватнага Універсітэта імя Ніла Гілевіча, заснаванага «Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны», плануе падаць у Мінадукацыі дакументы для атрымання ліцэнзіі на навучанне па спецыяльнасці «Культуралогія».

Як паведаміла БелаПАН старшыня ТБМ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім, 17 лiпеня кіраўніцтва ВНУ падало на экспертызу вучэбна-метадычнай рады пры Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў (БДУКМ) распрацаваныя планы навучання і метадычныя комплексы па вучэбных профілях «паланістыкі» і «германістыкі» ў рамках спецыяльнасці «Культуралогія».
 
Не так даўно, па словах Анісім, савет БДУКМ вынес станоўчае заключэнне па прааналізаваным дакументам Універсітэта імя Ніла Гілевіча. «Цяпер у нас ёсць рэкамендацыя адкрываць спецыяльнасць «Культуралогія», — сказала яна. — Такім чынам, па адной спецыяльнасці першы крок ужо зроблены. Зараз трэба рухацца далей. Мы павінны падрыхтаваць той жа самы пакет дакументаў, прыкласці заключэнне рады і падаць іх на атрыманне ліцэнзіі па гэтай спецыяльнасці».
 
Старшыня ТБМ таксама адзначыла, што аналагічная экспертная рада пры Белдзяржуніверсітэце раней вынесла шэраг заўваг адносна вучэбна-метадычных комплексаў па спецыяльнасцях «Музейная справа, ахова помнікаў, турызм», «Літаратурны і мастацкі пераклад», «Інфарматыка, вэб-дызайн і камп’ютарныя тэхналогіі».
 
«Па іх ёсць дробныя заўвагі. Іх трэба выправіць, падаць дакументы зноўку, і, думаю, рада схіліцца ў наш бок», — заявіла Анісім.
 
Раней выканаўца абавязкаў рэктара ВНУ ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў казаў БелаПАН, што калі ліцэнзіі Мінадукацыі па згаданых спецыяльнасцях удасца атрымаць да 1 сакавіка 2020 года, летам універсітэт правядзе набор студэнтаў, якіх пачнуць навучаць з верасня.
 
Ствараць прыватны беларускамоўны ўніверсітэт ТБМ пачало ў 2017 годзе. У канцы верасня таго ж года Мінгарвыканкам зарэгістраваў ВНУ як структурнае падраздзяленне ТБМ і вылучыў памяшканне для офіса будучай навучальнай установы, аднак пасля гэтага сталічныя ўлады доўгі час адмаўляліся рэгістраваць назву ВНУ. Пасля паўтары дзясяткаў няўдалых спробаў яе зарэгістравалі як Універсітэт імя Ніла Гілевіча. Неўзабаве быў зарэгістраваны і статут ВНУ, згодна з якім навучанне студэнтаў у перспектыве будзе весціся па 56 спецыяльнасцях.
 
Падчас «Вялікай размовы з прэзідэнтам» 1 сакавіка гэтага года, у якой удзельнічаў Алег Трусаў, Аляксандр Лукашэнка станоўча ацаніў стварэнне ўніверсітэта. «Тое, што вы там — гэта трэба пацікавіцца — універсітэт стварылі самі, не спадзеючыся ні на каго, — ну, гэта добра», — сказаў афіцыйны лідар дзяржавы. У той жа час ён папярэдзіў: «Толькі каб гэта быў, Алег, правільны ўніверсітэт. Ну мы ж з табой ужо пражылі нямала часу. Каб рускую мову паважалі і вывучалі».