Універсітэт імя Ніла Гілевіча пачаў набор на падрыхтоўчыя курсы
7-га верасня ў офісе Таварыства Беларускай мовы імя Францыска Скарыны прайшло першае сумоўе з нагоды адкрыцця падрыхтоўчых курсаў Універсітэта імя Ніла Гілевіча. Арганізатары плануюць наладзіць падрыхтоўку навучэнцаў па прыкладна дзесяці дысцыплінах.
«Апроч непасрэдна навучання плануем ладзіць серыю бясплатных майстар-класаў для усіх ахвотных», – кажа выконваючы абавязкі рэктара Універсітэта імя Ніла Гілевіча, Алег Трусаў:
– Самі курсы яшчэ ў тым унікальныя, што яны прызначаныя для ўсіх узростаў. Адзін такі кірунак – гэта падрыхтоўка дзяцей да ЦТ. І будуць спецыяльныя выкладчыкі, якія рыхтуюць. Другая катэгорыя – гэта студэнты, якія ўжо вучацца, але хочуць атрымаць дадатковыя веды па беларускай мове, па замежнай, па гісторыі. Трэцяя група – гэта ўсе астатнія. Гэта могуць быць і пенсіянеры, людзі сярэдняга веку. Яны будуць вывучаць у асноўным гісторыю Беларусі і беларускую мову.
Кошт курсаў складае 200 беларускіх рублеў, у якія закладзеныя 72 гадзіны заняткаў. Працягласць курсаў – тры ці шэсць месяцаў. Кожны студэнт можа выбраць ад адной да трох дысцыплін і сам размеркаваць гадзіны. Афіцыйны пачатак курсаў адбудзецца 24 верасня. Іх распачне майстар-клас Уладзіміра Арлова.
Алена Вільтоўская. Беларускае Радыё Рацыя. Менск