Упершыню сёлетняй зімой было ніжэй за 10 градусаў марозу
У ноч на 8 лютага ўпершыню цяперашняй зімой тэмпература паветра апусцілася ніжэй за 10 градусаў марозу, сведчыць праведзены БелаПАН параўнальны аналіз аператыўных і архіўных дадзеных Белгідрамета на рэсурсе meteoinfo.by.
Халадней за ўсё было ў Езярышчы на поўначы Віцебскай вобласці — 11,1 градуса ніжэй за нуль. Двухзначныя паказчыкі са знакам мінус адзначаны таксама ў Мсціславе (10,4) і Горках (10) на ўсходзе Магілёўскай вобласці.
Да гэтага самай халоднай была ноч на 6 лютага ў Брагіне (Гомельская вобласць) — мінус 9,6.
У Менску ноч на 8 лютага таксама была самай халоднай з пачатку цяперашняй каляндарнай зімы — 7,2 градуса ніжэй за нуль. Папярэдні мінімум быў адзначаны напярэдадні (6,7).
Апошні раз тэмпература падала да 10 і ніжэй градусаў марозу ў ноч на 31 кастрычніка мінулага года (10 — у Васілевічах Гомельскай вобласці, 10,3 — у Бабруйску Магілёўскай вобласці; у абодвух населеных пунктах былі зафіксаваныя антырэкорды ночы за ўвесь перыяд метэаназіранняў).
Узімку 2018/19 тэмпература ніжэй за мінус 10 была зафіксавана ў пачатку снежня, а зімой-2017/18 — у ноч на 13 студзеня.
Раней Белгідрамет паведаміў, што снежань 2019 года аказаўся самым цёплым пасля снежня 2006-га, а студзень 2020-га — самым цёплым за ўсю гісторыю інструментальных метэаназіранняў.
У снежні было 11 дзён з рэкордамі цяпла, у студзені — дзевяць, у лютым — пакуль два. Рэкорды холаду гэтай зімой не фіксаваліся.
Днём 8 лютага на паўночным захадзе Беларусі назіраюцца слабададатныя тэмпературы. Ноччу 9 лютага, паводле прагнозу Белгідрамета, чакаецца невялікі мароз, а днём на ўсёй тэрыторыі будзе вышэй за нуль.
Калі доўгатэрміновы лічбавы прагноз апраўдаецца (плюсавая тэмпература практычна штодня да канца месяца), ноч на 8 лютага застанецца самай халоднай у цяперашнім зімовым сезоне.
belapan.by