Упершыню ў Беларусі злачынцу прысудзілі другі пажыццёвы тэрмін



Менскі гарадскі суд на пасяджэнні пад старшынствам суддзі Дзіяны Кучук 13 студзеня прызнаў 45-гадовага Сяргея Дзёўкшу, які адбывае пажыццёвае зняволенне, вінаватым у замаху ў 2001 годзе на забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў (ч. 1 арт. 14 і арт. 362 Крымінальнага кодэкса) і прыгаварыў да пазбаўлення волі на 23 гады з адбываннем пакарання ва ўмовах асаблівага рэжыму.

Па сукупнасці злачынстваў шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім канчаткова прызначанае пакаранне ў выглядзе пажыццёвага зняволення з адбываннем у калоніі ва ўмовах асаблівага рэжыму. Прысуд пакуль не ўвайшоў у сілу і можа быць абскарджаны ў Вярхоўным судзе.

Суд над Дзёўкшам пачаўся 28 лістапада. Абвінавачанне прадстаўляў пракурор Максім Чупрыс, абарону — адвакат Ганна Стралкова.

Дзёўкш у судзе віну не прызнаў. Выступаючы з апошнім словам 8 студзеня, ён настойваў, што не быў на месцы злачынства ўначы 20 кастрычніка 2001 года, калі нехта не менш за тры разы стрэліў з агнястрэльнай зброі ў сяржанта міліцыі Уладзіміра Баслыка, параніўшы яго ў левую палову грудной клеткі.

У судзе пацярпелы не апазнаў у Дзёўкшу чалавека, які страляў у яго, адзначыўшы, што прайшло занадта шмат гадоў. Не апазналі Дзёўкша і сведкі.

Для Дзёўкша прысуд суда пасля ўваходжання ў сілу будзе азначаць немагчымасць выйсці на волю. Для асуджаных пажыццёва тэарэтычна гэта магчымае пасля 25 гадоў зняволення пры выкананні некаторых умоў, галоўная з якіх — адсутнасць дысцыплінарных спагнанняў.

Дзёўкш адбывае пажыццёвае зняволенне ўжо 15 гадоў. Да такога пакарання ён быў прыгавораны Менскім гарадскім судом 14 ліпеня 2004 года паводле абвінавачання ў злачынствах, сярод якіх некалькі забойстваў, у тым ліку маёра мінскай міліцыі Ігара Кашкана ў жніўні 2001 года. Паводле падазрэння ў гэтым злачынстве Дзёўкш быў абвешчаны ў міжнародны вышук. Яго знайшлі ў Польшчы, куды ён выехаў на падставе падробленых дакументаў як грамадзянін Літвы. У чэрвені 2003 года быў затрыманы і экстрадаваны ў Беларусь.

Акрамя таго, Дзёўкш быў судзімы ў 1991, 1997 і 2009 гадах згодна з рознымі артыкуламі КК, у тым ліку арт. 139 (забойства).

Паводле беларуска-польскай дамовы аб прававой узаемадапамозе, да экстрадаваных у Беларусь не прымяняецца вышэйшая мера пакарання: у краінах ЕС смяротнае пакаранне адмененае.

belapan.by