Упершыню ў Гародні “Тандэмам праз пагранічча”



Упершыню ў Беларусі быў паказаны фільм “Тандэмам праз пагранічча”. Прэзентацыя адбылася ў Цэнтры гарадскога жыцця ў межах «Вечара магічнага кіно». У фільме было паказана падарожжа двух маладзёнаў на ровары па два бакі мяжы: у Польшчы – па Падляшшы, а ў Беларусі – па Гарадзеншчыне.

Пра фільм распавядае аўтар ідэі Мацей Рандт:

– Усіх нас зачароўвае памежжа – месца, дзе змешаны розныя культуры, народы. Жывём якраз на такой тэрыторыі – на Падляшшы. Дадатковай нагодай да стварэння гэтага фільма быў факт, што адзін з нас – Павал Міцкевіч – з’яўляецца палякам, які жыве ў Беларусі, а Радэк Дамброўскі – гэта беларус, які жыве ў Польшчы. І мы падумалі, што было б цікава адведаць памежжа на старым ровары тандэмам, каб паляк і беларус мусілі разам супрацоўнічаць, але перадусім каб маглі праехацца па гэтым памежжы.

На думку Радаслава Дамброўскага, аднаго з ўдзельнікаў фільма, удалося рэалізаваць шмат розных ідэяў:

Удалося праехацца па адзін і другі бок мяжы. Удалося паказаць адзін аднаму месцы нашага дзяцінства, а таксама месцы, з якімі звязаны ў дарослым жыцці, пазнаць людзей, у тым ліку і для сябе. Бо гэта не было так, што я на Падляшшы ведаў усіх, – я ведаў пэўныя раёны, бо ў некаторых бываў, бо хтосьці быў знаёмы з нейкага месца. У асноўным, я ведаў, чаго спадзявацца. Але прыгод, якія мы мелі па дарозе, ніхто з нас не чакаў. Тое ж самае было і на беларускім баку.

Падарожжа па беларуска-польскім памежжы на ровары тандэмам ладзілася ў межах праекта «Падляшскае люстэрка», які прыдумаў калектыў Podlasie Makes Me Happy.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня