Упершыню ў свеце зладжана масавае перасяленне вяртлявай чаротаўкі



Транслакацыя – гэта сталае перасяленне віду ў месцы, дзе ён ці знік, ці знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Тэставае перасяленне вяртлявай чаротаўкі прайшло ў мінулым годзе – малых птушанят забралі з гнёздамі на беларускім балоце Званец і перавезлі ў літоўскі заказнік Жувінтас, падгадаваўшы – выпусцілі на волю. Дваццаць працэнтаў гадаванцаў пасля зімоўкі вярнулася ў Літву.

Сёлета ў Літву паехала 50 птушанят вяртлявай чаротаўкі, усе яны выжылі і днямі былі адпушчаны на волю. Поспех фінальнага этапу дазваляе казаць, што беларусы і літоўцы пры дапамозе праекта ЕЗ «Life» i праекта ПРААН-ГЭФ «Вэтландс» упершыню ў свеце ажыццявілі транслакацыю чаротаўкi на новае месца на вялiкую адлегласць.

Віталь Яковіч, арнітолаг, эксперт праекта «Life: Вяртлявая чаротаўка», падкрэслівае, што досведу такіх эксперыментаў у навукоўцаў абедзвюх краін не было.

– Такога вопыту няма. Асноўнай мэтай было праверыць механізм транслакацыі – перавесці птушак на новае месца і ці вярнуцца яны туды пасля зімоўкі. Да гэтага пытання сур’ёзна мы падыходзілі некалькі гадоў. Узяць птушанят у пэўным узросце, калі ў іх яшчэ няма рэакцыі затаівання пры чалавеку, каб можна было іх самім выкарміць. Так і зрабілі.

У Беларусі гняздуецца каля паловы сусветнай папуляцыі вяртлявай чаротаўкі. У Літве ж яна – на мяжы знікнення. Распавядае дырэктар заказніка «Жувінтас» Арунас Пранайціс:

– 25 гадоў таму мы налічвалі да 30 спяваючых самцоў. 10 гадоў таму мы мелі толькі 2-3. Гэта вельмі маленькая папуляцыя. Але тэрыторыя па якасці вельмі добра падыходзіць. У мінулым годзе мы мелі 8 спяваючых самцоў. У гэтым годзе ўжо 15. Так што папуляцыя павялічваецца.

У апошнім этапе транслакацыі брала ўдзел і нямецкая спецыялістка Касіма Тэгетмейер. У Германіі разглядаюць магчымасць ажыццяўлення такога ж праекту, але супольна з Польшчай. Вяртлявая чаротаўка практычна знікла па ўсёй Еўропе, гняздуецца толькі ў Беларусі, Украіне, Польшчы і Літве.

Беларускае Радыё Рацыя