Жыхара Мазыра аштрафавалі за абразу беларускай мовы



Жыхара Мазыра Дзмітрыя Шчарбатых прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за беларусафобскія выказванні. У пабліку мазырскага футбольнага клубу „Славія” ў сацыяльнай сетцы „Укантакце” малады чалавек 1988 года нараджэння дапусціў абразлівыя паведамленні пра беларускую мову.

37ea5a075cea14b45c09f645d202d9fc9e67c153e2de9096e5pimgpsh_fullsize_distr

Дзмітрыя Шчарбатых (Фота vk.com)

Ці варта спрабаваць прыцягваць да адказнасці, прадугледжанай заканадаўствам, беларусафобаў? На гэтыя пытанне адказвае актывіст грамадзянскай кампаніі „Справаводства па-беларуску” Ігар Случак у размове з Міколам Бянько.

РР: У Беларусі прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці грамадзяніна, які выказаўся зняважліва пра беларускую мову. Можаце перадгісторыю канфлікту распавесці?

– Я цікаўлюся спортам, беларускай мовай. Звяртаюся да клубаў, каб яны пашыралі беларускую мову, ужывалі яе. У апошнія гады гэта знаходзіць водгук. Шмат футбольных клубаў перайшлі на беларускую мову. Я перыядычна праглядаю сацыяльныя сеткі, сайты, каб пабачыць навінкі футбольных клубаў.

РР: І ўсё ж такі Дзмітрый Шчарбатых… Якім чынам вы патрапілі на ягоны акаўнт і ягоныя каментары?

– Я зайшоў на суполку ФК “Славія” і там убачыў навіну пра тое, што паставілі вялікі беларускамоўны білборд, які рэкламуе футбольны клуб “Славія”. Пад гэтай навіной былі каментары. І адзін з іх гучаў так: “Навошта тут з’явілася беларуская мова”. Праўда, там было слова не “з’явілася, а “вср*лся”. На гэта я напісаў: “Вы парушаеце заканадаўства, выбачыцеся за свае словы”. На што атрымаў адказ: “Дружок, я не понімаю по-беларускі”. Я падумаў, калі не разумееш, то няма чаго рабіць — і  звярнуся ў Мазырскі гарвыканкам.

РР: Фактычна мы ўпершыню сутыкнуліся з сітуацыяй, калі грамадзяніна прыцягнулі да адказнасці?

– Раней прэцэдэнты, калі спрабавалі прыцягнуць да адказнасці, таксама былі, але не даходзілі да лагічнага завяршэння. Нават я ў 2010 годзе спрабаваў прыцягнуць да адказнасці рэкатара Менскага інстытуту кіравання Мікалая Сушу, які на маю прапанову адказаць на беларускамоўны ліст па-беларуску, напісаў: “Ігар, вучыце беларускую мову, пашырайце свой кругагляд”.  Я тады таксама звярнуўся з заявай у Адміністрацыю Заводскага раёну, але там тэрміны выйшлі і рэктара не пакаралі. Але Адміністрацыя Заводскага раёну накіравала яму ліст ва ўніверсітэт, каб былі карэктныя паводзіны ў адказах на звароты грамадзян.

РР: Ёсць меркаванні ў Інтэрнэце, што Ігар Случак такімі дзеяннямі толькі адштурхоўвае патэнцыйных прыхільнікаў ад беларускай мовы?

– Кал будзе прэцэдэнт і гэтыя людзі, якія ненавідзяць беларускую мову, будуць разумець, што хопіць зневажаць мову. Бо за гэта давядзецца несці адказнасць.

Жыхара Мазыра, ураджэнца Казахстану, Дзмітрыя Шчарбатых пакаралі на 4 базавыя велічыні. Паводле беларускага заканадаўства, публічная знявага беларускай мовы можа карацца штрафам ад 4 да 10 базавых велічыняў. То бок гэта мінімальны штраф, які можна атрымаць за знявагу мовы.

Між іншым, малады чалавек у сацыяльнай сетцы “ВК” ужо змяніў сваё імя і прозвішча на Дзмітрый Іваноў.

Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя