Упершыню за 30 гадоў у Менску не будзе “Чарнобыльскага шляху” (абноўлена)



У Менску сёння пройдзе несанкцыянаваны ўладамі “Чарнобыльскі шлях”. Актывісты з партыі «Зялёных» збіраюцца выйсці а 18-ай гадзіне да Акадэміі навук.

«Аргкамітэт у сітуацыі, якая склалася, не можа падводзіць людзей, але асабіста я як грамадзянін Рэспублікі Беларусь прыйду да Акадэміі навук. Да мяне таксама далучацца некаторыя іншыя палітыкі. Потым мы гатовыя прайсці і ўскласці кветкі да капліцы ахвярам Чарнобылю», – сказаў першы намеснік старшыні партыі «Зялёных» Зміцер Кучук.

25 красавіка стала вядома, што аргкамітэт па правядзенні традыцыйнага шэсця «Чарнобыльскі шлях» адклікаў заяўку з Менгарвыканкама, бо там выставілі рахунак за паслугі міліцыі – больш за 5 700 рублёў. Акрамя таго, арганізатары мусілі аплочваць паслугі «хуткай дапамогі » і камунальнікаў – 240 і 215 рублёў адпаведна. Паводле заканадаўства, цяпер міліцыя ўсё адно выставіць рахунак, а ініцыятараў акцыі могуць аштрафаваць або пасадзіць на суткі за «парушэнне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства».

* * * 

Сёлета ўпершыню за 30 гадоў апазіцыя адмовілася праводзіць «Чарнобыльскі шлях» у Менску. Арганізатары адмовіліся ад яго правядзення, хоць дазвол Менгарвыканкама напярэдадні быў атрыманы. Збор удзельнікаў быў дазволены 26 красавіка ў 18 гадзін каля Акадэміі навук, потым шэсце і мітынг. Чаму арганізатары адкінулі гэты дазвол? Кажа адна з заяўніц мерапрыемства, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова:

Сітуацыя такая: у панядзелак мы са спазненнем атрымалі дазвол па маршруце, які быў заяўлены ў заяўцы. Але ў ёй мы прасілі, каб не было аплаты паслуг міліцыі, каб яна была бясплатнай. Увесь тыдзень мы спрабавалі гэтае пытанне вырашыць, бо лічым, што гэта парушае нашае канстытуцыйнае права на мірныя сходы. У мяне адбылася сустрэча ў гарвыканкаме, дзе нам прадставілі дамову, у якой сума аплаты паслуг склала 5 737 рублёў.

26 красавіка 1986 года выбухнуў чацвёрты блок Чарнобыльскага рэактара. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС лічыцца самай вялікай тэхнагеннай катастрофай XX стагоддзя. Традыцыйна ў гэты дзень у Менску праходзіла мемарыяльнае шэсце «Чарнобыльскі шлях».

Беларускае Радыё Рацыя