Упраўленне юстыцыі хавае інфармацыю пра партыі ды рухі?
Інфармацыя пра палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі перастала быць даступнай у вольным доступе на сайце Упраўлення юстыцыі Гарадзеншчыны.
Да 2016 года на сайце ўпраўлення юстыцыі абнаўленне пра дзеючыя палітычныя партыі рэгіёна праводзіліся кожныя шэсць месяцаў. Цяпер жа, калі інфармацыя напярэдадні выбараў так патрэбная – яе няма.
Кажа назіральнік ад Беларускага Хельсінскага Камітэта Раман Юргель:
– Зараз ідзе выбарчая кампанія па выбарам дэпутатаў, але ні выбарцы, ні грамадзяне, ні назіральнікі не могуць азнаёміцца з дадзенымі па палітычным структурам, па іх колькасці, па тым, хто з’яўляецца кіраўніком гэтых структур. На жаль гэта як і ў Гарадзенскай вобласці, упраўленне юстыцыі прыбрала гэтую інфармацыю так і ў іншых пяці абласцях па Беларусі.
Назіральнік у звароце да Міністэрства юстыцыі рэкамендуе вярнуць доступ да дадзеных пра існуючыя партыі і грамадскія арганізацыі на сайтах абласных структур юстыцыі.
Другі яго зварот да Цэнтральнай выбарчай камісіі, пра парушэнне выбарчага заканадаўства і Канстытуцыі краіны адносна вольнага доступу да інфармацыі, быў перанакіраваны ў тое ж Міністэрства юстыцыі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня