Урачыстасці да 500-годдзя Жыровіцкага манастыра перанесеныя
Урачыстасці да 500-годдзя Свята-Успенскага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра ў Жыровічах (Гарадзенская вобласць) і 550-годдзя набыцця абраза Божай Маці Жыровіцкай перанесеныя з-за пандэміі COVID-19, паведамляецца на партале Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы.
Адзначаецца, што ўрачыстасці меркавалася правесці 19 і 20 мая непасрэдна ў манастыры, аднак „у сувязі з неспадзяваным, складаным эпідэміялагічным становішчам прынятае рашэнне перанесці памятныя юбілейныя мерапрыемствы на больш позні тэрмін”.
„Новыя даты правядзення царкоўна-грамадскіх мерапрыемстваў будуць вызначаныя пасля завяршэння эпідэміі. Інфармацыя аб новай даце будзе паведамлена дадаткова”, — гаворыцца ў паведамленні.
З 20 красавіка па 8 мая архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый, намеснік Жыровіцкага манастыра і рэктар размешчанай у ім Менскай духоўнай семінарыі, ляжаў у бальніцы з пнеўманіяй. Пасля выпіскі, як паведамляе сайт Навагрудскай епархіі, праваслаўны іерарх знаходзіцца ў самаізаляцыі, хоць і ўдзельнічае ў набажэнствах.
З моманту яго шпіталізацыі і дагэтуль не пацвярджалася, што пнеўманію ў архірэя выклікала каронавірусная інфекцыя. Аднак 11 мая на сайце епархіі з’явіўся відэазварот Гурыя: ён дзякуе ўрачам, якія „сёння знаходзяцца на перадавой” і змагаюцца з „нябачным ворагам — каронавірусам”. Акрамя таго, неўзабаве пасля яго шпіталізацыі на афіцыйнай старонцы Жыровіцкага манастыра ў „Фэйсбуку” было апублікаванае паведамленне аб тым, што манастыр і дамы паломнікаў „прыпыняюць прыём наведвальнікаў на перыяд да 10 мая” ў сувязі з „эпідэміялагічнай сітуацыяй у свеце”. Пра дату адкрыцця не паведамлялася.
Меркавалася, што на ўрачыстасці з нагоды 500-годдзя Жыровіцкага манастыра прыедзе патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл.
На прэс-канферэнцыі 14 красавіка мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, заявіў, што візіт патрыярха Кірыла ў Беларусь у маі гэтага года „пакуль афіцыйна не адменены”. Ён адзначыў, што ў графіку прадстаяцеля Рускай праваслаўнай царквы гэты візіт пакуль захаваны, але ў сувязі з пандэміяй COVID-19 сітуацыя можа змяніцца.
Прэс-служба маскоўскага патрыярха на пісьмовы запыт БелаПАН адносна таго, ці адбудзецца гэты візіт, не адказала.