Урад Беларусі падлічыць усе тарфянікі
Пра новыя ўрадавыя пастановы наконт тарфяных балот распавёў на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік кіраўніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Кузьміч:
– Рыхтуецца пастанова ўрада, якая ўрэгуляе парадак вядзення рэестраў тарфянікаў. У гэты рэестр будзе паступова ўключацца інфармацыя пра ўсе тарфянікі нашай краіны – іх межы, плошча, тыпы балот, рэжым аховы, запасы прыродных рэсурсаў, напрамкі выкарыстання тарфянікаў і г.д. Акрамя таго Нацыянальная Акадэмія Навук будзе забяспечвацца вядзеннем комплекснага маніторынгу тарфянікаў. Праект адпаведнай пастановы таксама ў распрацоўцы.
Дакументы прымаюцца ў межах нядаўна зацверджанага Закону аб ахове і выкарыстанні тарфянікаў, унікальнага для рэгіёну. Прыняцце закону стала магчымым у тым ліку праз рэалізацыю праектаў ПРААН-ГЭФ «Тарфянікі-2» і «Вэтландс». У межах праектаў была праведзена інвентарызацыя балот, распрацаваныя стратэгія захавання і выкарыстання тарфянікаў і схема размеркавання іх па накірунках выкарыстання, праведзеныя працы па аднаўленні балот.
Беларускае Радыё Рацыя
