Урад Літвы адтэрмінаваў адкліканне дзейнай ліцэнзіі ЕГУ
Урад Літвы падтрымаў прапанову Міністэрства асветы і навукі аб адтэрміноўцы адклікання дзейнай ліцэнзіі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ, Вільня), паведамілі БелаПАН у дэпартаменце грамадскіх сувязяў літоўскага кабінета міністраў.
„Урад Літвы прыняў рашэнне падтрымаць прапанову Міністэрства асветы і навукі аб адтэрміноўцы адклікання дзейнай ліцэнзіі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) да 1 ліпеня 2019 года. Такое рашэнне дазволіць універсітэту працягнуць працу ў штатным рэжыме і падаць заяву на атрыманне новай ліцэнзіі. Чакаецца, што новая ліцэнзія будзе выдадзена ўніверсітэту да 2018/19 навучальнага года”, — паведамілі БелаПАН у дэпартаменце.
Кіраўнік па камунікацыях і маркетынгу ЕГУ Максімас Мілта растлумачыў, што рашэнне было прынята падчас нарады ўрада 31 студзеня. Мілта адзначыў, што ў гэтым годзе навучальны працэс у ЕГУ будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з зацверджаным акадэмічным графікам.
„Кіраўнічы савет ЕГУ вітае канструктыўныя вынікі нарады ўрада Літвы, якія дазваляюць ажыццяўляць далейшую працу беларускаму універсітэту ў выгнанні ў Вільні. Кіраўніцтва ЕГУ падасць уладам Літвы афіцыйную заяву аб выдачы новай ліцэнзіі”, — сказаў Мілта.
Раней кіраўніцтва ЕГУ накіравала Міністэрству асветы і навукі афіцыйную прапанову, якая ўключае план дзеянняў, прысвечаных выкананню рэкамендацый Цэнтра ацэнкі якасці адукацыі. Цэнтр даў адмоўную ацэнку дзейнасці ЕГУ ў 2017 годзе, у прыватнасці стратэгічнаму менеджменту і навуковай дзейнасці. Станоўча ацэнены такія аспекты дзейнасці ЕГУ, як навучанне на працягу ўсяго жыцця і ўплыў на развіццё рэгіёнаў і краіны ў цэлым.
Першая інстытуцыйная ацэнка ЕГУ адбылася ў 2014 годзе і мела таксама адмоўны вынік. А згодна з літоўскім законам аб навучанні і навуцы, калі ВНУ двойчы атрымлівае негатыўныя ацэнкі, міністр вырашае пытанне аб адмене дазволу на ажыццяўленне ім адукацыйнай дзейнасці.
Цяпер у ЕГУ праходзіць конкурс на замяшчэнне пасады рэктара. Студэнцкае прадстаўніцтва паведамляе, што „кандыдат, абраны на пасаду рэктара ЕГУ, прыняў умовы супрацоўніцтва з універсітэтам, але яго імя не будзе названае да завяршэння працэсу акрэдытацыі”.
ЕГУ быў адкрыты ў Менску ў 1992 годзе. У 2004-м беларускія ўлады, незадаволеныя самастойнасцю яго кіраўніцтва, закрылі ВНУ. У 2005 годзе ЕГУ аднавіў працу ў Вільнюсе ў статусе беларускага ўніверсітэта ў выгнанні. За 12 гадоў працы ў Вільні выпускнікамі ЕГУ сталі 2.124 чалавекі. У 2017/18 акадэмічным годзе ў ЕГУ навучаюцца 847 студэнтаў, 95% з’яўляюцца грамадзянамі і рэзідэнтамі Беларусі.
belapan.by