Урад скараціў выдаткі на «пахавальныя» выплаты



Зараз сваякам памерлых належыць ад дзяржавы 6 мільёнаў 574 тысячы 900 рублёў. Пастанова Савета міністраў №585 «Аб выплаце дапамогі і кампенсацыі выдаткаў на пахаванне», якая ўступіла ў сілу з 12 ліпеня, вызначае катэгорыі грамадзянаў, якім могуць быць выплачаныя так званыя «пахавальныя». Дакумент быў апублікаваны ў пятніцу на нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, піша „Камсамольская праўда ў Беларусі”. Не зарэгістраваныя ў цэнтры занятасці беспрацоўныя і іх дзеці на выплату разлічваць не могуць. Не дадуць грошы на пахаванне і тым, хто ўносіў абавязковыя страхавыя ўзносы ў бюджэт меньш за 10 гадоў. Згодна з дакументам, за кошт бюджэту пакрыюць выдаткі на пахаванне толькі пэўных катэгорый грамадзян. Разлічваць на «пахавальныя» могуць:

– грамадзяне, на якіх на дату смерці распаўсюджвалася дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне. Яны самі або нехта за іх павінен быў ўносіць абавязковыя ўзносы ў бюджэт;

– грамадзяне, якія ўносілі абавязковыя страхавыя ўзносы ў бюджэт як мінімум 10 гадоў;

– пенсіянеры, якія атрымлівалі пенсію за кошт бюджэту;

– беспрацоўныя, якія афіцыйна зарэгістраваныя ў цэнтры занятасці;

– непаўнагадовыя дзеці вышэйпералічаных катэгорый беларусаў і студэнты ва ўзросце да 23 гадоў.

Беларускае Радыё Рацыя