Урад усё шукае фармулёўкі палёгкаў для бізнесу



Сталічныя медыкі запэўніваюць, што цягам апошняга месяца была праведзена вялікая праца па пераабсталяванні бальніц з тым, каб паток пацыентаў з пнеўманіямі не перашкодзіў аказанню неадкладнай дапамогі іншым катэгорыям хворых.

Актуальны стан мераў і падзей на сёння ў беларускай сталіцы прадставіць наша карэспандэнтка Вольга Сямашка:

– У сталіцы пацыентаў з каронавірусам, падазрэннямі на яго і пнеўманіямі прымаюць цяпер інфекцыйная бальніца, 6-я, 10-я і 3-я клінічныя бальніцы. Пад экстранныя патрэбы перапрафіляваны і адзін з карпусоў 4-й клінічнай бальніцы.

Урад усё шукае фармулёўкі палёгкаў для бізнесу. Цікавая прапанова можа з’явіцца для акцыянерных таварыстваў: такім кампаніям могуць прапанаваць правесці дадатковую эмісію прывілеяваных акцый, якія выкупіць дзяржава.

Абяцае ўрад і палёгкі для транспартных перавозчыкаў, якія ў гэты час згубілі трэць пасажыраў. Многія кіроўцы выйшлі ў адпачынак ці перайшлі працаваць у службу дастаўкі.

Сталічныя банкі разглядаюць заявы па рэструктурызцыі крэдытаў насельніцтва і бізнеса. Сярод мераў заўважаны перагляд графікаў пагашэння і  адтэрміноўка па пагашэнні асноўнай пазыкі.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота m.sputnik.by