Уручэнне Нобелеўскай прэміі Святлане Алексіевіч



Нобелеўскі тыдзень набліжаецца да кульмінацыі. 10 снежня Стакгольме беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч атрымае Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры з рук шведскага караля Карла Густава ХVI.

Таксама можна глядзець цырымонію ўзнагароджання нажыва тут.

Цырымонія ўзнагароджання прыпадзе акурат на Дзень правоў чалавека, які адзначаецца 10 снежня.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі лічыць такое супадзенне невыпадковым, асабліва ў выпадку з беларускай нобелеўскай лаўрэаткай Святланай Алексіевіч.

— У гэтым безумоўна ёсць пэўны сімвалізм, тым больш, што яе творы, па вялікім рахунку, таксама маюць агульначалавечы, гуманны характар, ці маюць дачыненне да асобы, да свабоды кожнага чалавека, а паняткі свабоды і правы чалавека вельмі шчыльна звязаны паміж сабой.  

Жывую трансляцыю з стакгольмскага Канцэрт-холу можна будзе ўбачыць на сайце Радыё Рацыя. Пачатак трансляцыі а 18-30 па беларускім часе.

* * *

У Нобелеўскай лекцыі Святланы Алексіевіч не ўсе пачулі тое, што хацелі. Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч у гэтай сувязі крытыкуе меркаванні некаторых айчынных інтэлектуалаў.

– Мне здаецца, што яны не зусім інтэлектуалы, бо яны аднабаковыя. Бо западозрыць у недахопе патрыятызму і сумленнасці, западозрыць у тым, што гэта папахвае нафталінам савецкага часу, маглі, як мне падаецца, толькі зайздроснікі. Трэба зайздросціць станоўча.

 У сваю чаргу былы палітвязень Мікалай Статкевіч заўважыў у паводзінах Святланы Алексіевіч украінскую ментальнасць.

– Мой брат жыве ў Львове, яго жонка – украінка. Я, слухаючы спадарыню Алексіевіч, маю павагу да яе таленту і захапленне, бо яе талент быў такім чынам ушанаваны. Але я бачу падабенства ў паводзінах, манеры, адназначнасці ацэнак і г.д. І тут я бачу якраз украінскую ментальнасць.

Святлана Алексіевіч гэтым вечарам у Стакгольме атрымае Нобелеўскую прэмію.

У Беларусі па-ранейшаму абмяркоўваюць, да якой культуры належыць пісьменніца. Паэт і палітык Уладзімір Някляеў лічыць, што нават калі Алексіевіч адносіцца да “рускага свету”, то той свет вельмі розны ў межах самой Расеі.

 – “Рускі свет” – гэта не толькі вата і Пуцін. Гэта і інтэлігенцыя, выбітныя дзеячы. І мы не аддзелімся ўвогуле ад гэтага “рускага свету”. Калі нават пагадзіцца з гэтай тэзай, што Алексіевіч з “рускага свету”, то гэта той свет, які мы гатовы тут вітаць.

Таксама Уладзімір Някляеў падкрэсліў, што нацыянальнасць – гэта не кроў, а культура ў крыві, а пасля ўжо ўласны выбар чалавека. Менавіта Нобелеўская прэмія Святланы Алексіевіч, на думку Някляева, з’яўляецца галоўнай культурнай падзеяй гэтага года ў Беларусі.

* * *

Нобелеўская лекцыя Святланы Алексіевіч

Беларускае Радыё Рацыя