Усе беларускія турфірмы закрылі свае праграмы ў Крыме
Галоўны рэдактар газеты “Турызм і Адпачынак” Лілія Кобзік распавяла, як беларусы правялі лета ў расейскім Крыме.
Лілія Кобзік: Калі ў Крым беларусы і ездзілі, то толькі ў індывідуальным парадку. Хто захацеў паехаць – паехаў. На цягніках, сваіх машынах… Але той вялізны крымскі турыстычны наплыў, што існаваў раней, пайшоў у гэтым сезоне па іншых кірунках. Бо ўсе беларускія турфірмы закрылі свае праграмы ў Крыме. Яны, можа быць, і вазілі б людзей, але ж да апошняга заставалася невядомым, што адбываецца на ўкраінскіх дарогах, якія цэны, што Расея ўвогуле збіраецца рабіць з паўвостравам. То гучалі аб’явы, што Крым будзе зонай казіно, то казалі пра змены правілаў на пляжах… Адным словам, ужо ў траўні стала зразумела, што крымскі кірунак – мёртвы. І танны адпачынак на моры ў Крыме для беларусаў аказаўся закрытым. Турызм у такіх умовах існаваць не можа. Чалавеку ж неабходна планаваць свой адпачынак. Каму хочацца рызыкаваць?
РР:І куды перанакіраваліся беларусы?
Лілія Кобзік: У Балгарыю, Егіпет, нехта зусім нікуды не паехаў. Адзначым, што ў Беларусі зараз крызісу няма, таму многія маглі сабе дазволіць нармальны адпачынак. У нас у гэтым годзе куды больш адпраўляліся на прадстаўнічыя накірункі – у Італію, Іспанію, Чарнагорыю. Відаць жа, што попыт на адпачынак ёсць. У гэтым кірунку лета для беларусаў было добрым. Хоць у агульным кантэксце расейска-ўкраінскага канфлікту не ўсё так бязвоблачна. Пад канец сезона мы бачылі банкруцтва расейскіх турфірмаў, пасля чаго пытанні сталі ўзнікаць і ў беларускіх кліентаў, якія ляталі праз Маскву. Многія нашы турысты адпраўляліся на еўрапейскія курорты з аэрапорта ў Кіеве, там таксама ўсё закрылася. Адным словам, зачапіў канфлікт і беларускіх турыстаў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота obozrevatel.com