Усе прызыўнікі праходзяць двухтыднёвую ізаляцыю



Усе прызыўнікі, якіх забіраюць у войска гэтай вясной, павінны прайсці двухтыднёвую ізаляцыю, распавялі журналістам TUT.by у прэс-службе Міністэрства абароны.

Гэтай вясной прызваць на тэрміновую ваенную службу плануецца 10 тысяч чалавек. Адпраўка прызыўнікоў у войскі пачалася 11 траўня і працягнецца да канца месяца.

Пасля прыбыцця ў вайсковыя часткі, дзе яны будуць служыць, юнакі перш-наперш праходзяць двухтыднёвую ізаляцыю – гэта звязана з пандэміяй COVID-19. У гэты час у раскладзе навабранцаў няма трэніровак. Самі хлопцы пры гэтым знаходзяцца пад пільным кантролем медыкаў. Пакуль што сярод навабранцаў выпадкаў каронавірусу не зафіксавана. У прэс-службе Мінабароны тлумачаць: «Да адпраўкі ў войска яны праходзяць медкамісію. Тых, хто хварэе, служыць не адпраўляюць».

Паводле афіцыйнай інфармацыі на 26 траўня, у Беларусі выяўлена 38 059 выпадкаў каронавірусу, памерлі 208 пацыентаў.

Беларускае Радыё Рацыя