Усе супрацоўнікі сайта „Наша Ніва” выкліканыя ў Следчы камітэт
Усе 20 супрацоўнікаў сайта „Наша Ніва” выкліканыя ў Следчы камітэт як сведкі па крымінальнай справе галоўнага рэдактара Ягора Марціновіча.
„Усе 20 чалавек — сведкі таго, як я ўзводзіў паклёп на намесніка міністра ўнутраных спраў Барсукова”, — напісаў Марціновіч у сацыяльных сетках.
23 верасня Марціновіч быў затрыманы на трое сутак у межах крымінальнай справы, распачатай паводле арт. 188 КК (паклёп). У кватэры, дзе ён жыве з жонкай, супрацоўніцай партала tut.by Адар’яй Гуштын, быў праведзены ператрус з канфіскацыяй усёй лічбавай тэхнікі, тэлефонаў, флэшак, сім-карт, пашпартоў. Падставай для крымінальнай справы стала апублікаванае 17 жніўня інтэрв’ю з адным з дыджэяў, які ўключыў 6 жніўня падчас афіцыйнага мерапрыемства ў Кіеўскім скверы Мінска песню Віктара Цоя „Перамен”. У гэтым інтэрв’ю згадваецца намеснік міністра ўнутраных спраў Аляксандр Барсукоў.
Беларускае Радыё Рацыя