Усе ВІЧ-інфікаваныя пройдуць лячэнне



З наступнага года Беларусь пераходзіць да лячэння ўсіх ВІЧ-інфікаваных без выключэнняў.

У 2017 годзе лячэнне прапісвалася толькі пацыентам з паказчыкам імуннага статусу 500 клетак CD4 на мілілітр крыві і менш. Як паведаміла на прэс-канферэнцыі ў Менску намесніца кіраўніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан, зараз ведамствам прыняты новы клінічны пратакол лячэння ВІЧ-інфікаваных.

– З наступнага года будзе прадстаўлены ўніверсальны доступ да лячэння, а гэта азначае, што кожны ВІЧ-інфікаваны незалежна ад вынікаў клетак у крыві павінен прымаць лячэнне. Яны павінны разумець, што лячэнне для іх – гэта панацэя, яны не будуць крыніцай інфекцыі для людзей, якія побач з імі, з якімі яны жывуць, маюць зносіны. Лячэнне будзе прафілактычным мерапрыемствам.

Колькасць CD4 ці Т-клетак (гэта і ёсць фактычна імунітэт) вызначаецца праз аналіз крыві, які паказвае, колькі такіх клетак утрымліваецца ў адным мілілітры крыві. У чалавека без ВІЧ гэты паказчык складае ад 600 да 1900.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя