Усе затрыманыя супрацоўнікі „Прэс-клуба” застаюцца пад вартай



У дачыненні да затрыманых 22 снежня заснавальніцы беларускага „Прэс-клуба” Юліі Слуцкай, праграмнага дырэктара Алы Шарко, дырэктара Сяргея Альшэўскага, праграмнага дырэктара Акадэміі „Прэс-клуба” Сяргея Якупава і аператара Пятра Слуцкага (сын Юліі Слуцкай) абраная мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту. Пра гэта паведаміў БелаПАН адвакат Антон Гашынскі.

Увечары 25 снежня выйшлі 72 гадзіны з моманту іх затрымання, за якія ім маглі выставіць абвінавачванне, прымяніць пасля заканчэння гэтага тэрміну якую-небудзь меру стрымання або вызваліць.

Паводле інфармацыі абаронцы, кіраўніцтва і супрацоўнікі „Прэс-клуба” з’яўляюцца падазраванымі па крымінальнай справе паводле ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры). Асабліва буйным памерам па гэтым артыкуле прызнаецца нявыплата, якая ў 3.500 і больш разоў перавышае памер базавай велічыні (27 рублёў).

Абвінавачанне можа быць выстаўленае фігурантам на працягу 10 дзён. Стала вядома, што Шарко 25 снежня перавялі ў СІЗА № 1 на вул. Валадарскага ў Мінску.

Як паведамляла прэс-служба Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу (КР), затрыманая ў той жа дзень член КР, былая супрацоўніца „Белтэлерадыёкампаніі”, якая зволілася пасля прэзідэнцкіх выбараў, Ксенія Луцкіна падазраецца ў дапамаганні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў (ч. 6 арт. 16 і ч. 2 арт. 243 КК). Яна таксама застаецца пад вартай.

Супрацоўнікі БТ, якія звольніліся, планавалі стварыць „альтэрнатыўнае тэлебачанне” на YouTube. Дачыненне да гэтага праекта мела Акадэмія „Прэс-клуба”.

22 снежня ў офісе „Прэс-клуба”, а таксама дома ў шэрагу яго супрацоўнікаў прайшлі вобшукі, пяць чалавек былі затрыманыя. Амаль суткі пра іх месцазнаходжанне нічога не было вядома.

У той жа дзень прэс-служба КДК паведаміла аб правядзенні праверкі „па фактах парушэнняў падатковага заканадаўства Рэспублікі Беларусь у дачыненні да службовых асоб культурна-асветніцкай установы” Журналісцкая майстэрня Прэс-клуб” і іншых суб’ектаў гаспадарання, звязаных у тым ліку з паступленнем буйных грашовых сум з-за мяжы”.

Пра распачынанне ў сувязі з гэтым якіх-небудзь крымінальных спраў пакуль не паведамлялася.

23 снежня Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ) запатрабавала неадкладна вызваліць заснавальніка „Прэс-клуба Беларусь” Юлію Слуцкую і яе калег і заклікала Еўрасаюз, Савет Еўропы і АБСЕ рашуча адрэагаваць „на гэтую новую хвалю рэпрэсій”.

У гэты ж дзень занепакоенасць дзеяннямі беларускіх уладаў у дачыненні да „Прэс-клуба” выказала пасольства Вялікабрытаніі ў Мінску.

Сам „Прэс-клуб Беларусь” заявіў, што працягвае працу, нягледзячы на вобшукі і арышты сваіх кіраўнікоў.

„Прэс-клуб” створаны як пляцоўка для прафесійнага развіцця медыясупольнасці. Сваёй місіяй арганізацыя называе „захаванне прафесіі журналіста ва ўмовах падзення яе аўтарытэту і эканамічнай прывабнасці да таго моманту, калі стане магчымай сацыяльна-палітычная, эканамічная трансфармацыя Беларусі”.

belapan.by