Ушанавалі былога кіраўніка антысавецкай “Чайкі”



У сераду, 10 сакавіка, спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння паэта, краязнаўца, археолага, былога кіраўніка Слонімскай моладзевай антысавецкай і антысталінскай арганізацыі “Чайка” у 1946-1947 гадах Васіля Супруна (1926-2007).

У гэты дзень сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл наведалі гарадскія могілкі на вуліцы Чырвоных партызан у Слоніме, дзе ўсклалі кветкі на магілу Васіля Супруна і яго жонкі Клаўдзіі Супрун.

Пра Васіля Супруна згадалі каля яго магілы Павел Севасцьян, які сказаў, што яго бацька разам з Васілём Рыгоравічам з адной вёскі Глоўсевічы і разам некалі вучыліся ў адным класе. Міхась Варанец таксама прыгадаў Васіля Супруна, распавёў пра сустрэчы з ім і гутаркі ў Слоніме.  

Васіль Супрун пры жыцці выдаў некалькі кніг вершаў, успамінаў пра сталінскія лагеры і сваё асабістае знаёмства з паэткай Ларысай Геніюш.

Пакаранне былы кіраўнік “Чайкі” адбываў у турмах Баранавічаў, Менску, Гародні, Воршы, у канцлагерах Інты (спецлагер №2) і Варкуты (лагер № 175/14). Быў вызвалены і вярнуўся на Бацькаўшчыну ў 1956 годзе.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара