Ушанавалі кіраўніка падпольнай “Чайкі”
Сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл 10 сакавіка наведалі ў Слоніме гарадскія могілкі на вуліцы Чырвоных партызан і ўсклалі кветкі на магілу кіраўніка патрыятычнай моладзевай антысавецкай падпольнай арганізацыі ў 1946-1947 гадах “Чайка”, паэта, археолага, вязня сталінскіх лагераў Васіля Супруна (1926-2007).
10 сакавіка – дзень нараджэння Васіля Супруна. Нарадзіўся ён на Слонімшчыне. Падчас вайны скончыў у Слоніме беларускую сямігодку, трохмесячныя настаўніцкія курсы, вучыўся ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі. 29 верасня 1943 года ў «Баранавіцкай газеце» быў надрукаваны першы верш Васіля Супруна “Песня на чужыне”.
Пасля вайны працаваў настаўнікаў, скончыў Ганцавіцкае педагагічнае вучылішча. Узначаліў Цэнтр Беларускага вызвольнага руху, які аб’ядноўваў слонімскія, баранавіцкія і берасцейскія суполкі. 6 чэрвеня 1947 года быў арыштаваны і асуджаны на 25 гадоў няволі і 5 гадоў пазбаўлення правоў.
16 чэрвеня 1956 года, згодна з пастановай Вярхоўнага Савета СССР, быў вызвалены з няволі і атрымаў дазвол вярнуцца на Радзіму. У апошнія гады жыў у Слоніме.
Пра гэта, падчас ушанавання Васіля Супруна, расказаў былы настаўнік і яго сябра Мікалай Ракевіч. А Алесь Масюк прыгадаў сваё сяброўства з ім і тыя сустрэчы, якія адбываліся ў Слоніме.
[Not a valid template]Беларускае Радыё Рацыя