Ушанавалі памяць Героя Украіны Міхася Жызнеўскага



Некалькі дзясяткаў актывістаў ушанавалі памяць Героя Украіны Міхася Жызнеўскага на могілках ля вёскі Сцяг Працы, што ў Гомельскім раёне.

Прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці Гомеля і сябры Руху салідарнасці “Разам” усклалі вянкі і кветкі да магілы забітага на барыкадах Еўрамайдана беларуса.

Дзяячка ўкраінскай дыяспары Валянціна Логвін падкрэслівае, што свабода народа каштуе надзвычай дорага.

– Зрабіць вольным і шчаслівым, прабачце мяне, не хачу абразіць пачуцці вернікаў, нават Бог не можа зрабіць. Можам зрабіць толькі мы. І Міхась, і ўсе тыя, хто паклаў жыцці на Майдане, і ўсе тыя, хто сабраліся тут, робяць усё, што яны могуць.

Паводле гомельскага палітыка Уладзіміра Кацоры, Гомельшчына дала Беларусі многа змагароў, сярод якіх – Міхась Жызнеўскі.

– На Гомельскай зямлі ёсць яшчэ героі, каго мы помнім. Гэта Палута Бадунова, гэта Цімох Вострыкаў, гэта Рыгор Клімовіч, якіх таксама маці-краіна прыняла. Мы будзем памятаць і раўняцца на іх. Дай Бог, нам упартасці ў нашай барацьбе за Беларусь.

Гамяльчук Міхась Жызнеўскі загінуў ад кулі ў сэрца на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве 22 студзеня 2014 года. Украінская дзяржава пасмяротна ўзнагародзіла яго ордэнам Героя Нябеснай Сотні і званнем Героя Украіны.

Беларускае Радыё Рацыя