Ушанавальніка ахвяраў віцебскіх Курапатаў аштрафавалі за перапахаванне парэшткаў
Прадстаўнік ініцыятывы “Хайсы” Ян Дзяржаўцаў аштрафаваны на 115 рублёў Віцебскім абласным судом за незаконнае перапахаванне чалавечых парэшткаў. Ініцыятыва займаецца ўшанаваннем памяці ахвяраў камуністычных рэпрэсій, але ўлады кажуць, што даследаванні парэшткаў яшчэ не праведзеныя, адпаведна, Дзяржаўцаў не меў права на перапахаванне. Даследаванні дзяржаўных органаў яшчэ не скончаныя. Пра суд кажа сам Ян Дзяржаўцаў:
– Я замовіў пяць хадайніцтваў – ніводнае не было задаволенае. Прасіў, каб апыталі сведкаў. Але сведкаў не апрасілі. Я запрасіў 8 сведкаў. Будзем падаваць апеляцыю на пачатку наступнага тыдня. Заўтра я буду забіраць пастанову, буду пісаць, каб матывіровачную частку мне выдалі. Пасля таго, як атрымаем яе, будзем падаваць. Гэта праз некалькі дзён. Будзем абскарджваць абавязкова – гэта мы ўжо вырашылі.
Ян Дзяржаўцаў спасылаецца на заключэнне Інстытута гісторыі Акадэміі навук, якое сведчыць пра тое, што знойдзеныя парэшткі – гэта ахвяры камуністычнага рэжыму. На думку прадстаўніка ініцыятывы “Хайсы”, цяперашнія беларускія ўлады не хочуць прызнаваць, што, акрамя нацыстаў, беларусаў пад Віцебскам расстрэльвалі і камуністы.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя