Ушанаванне Міхася Жызнеўскага пад Гомелем



Пад Гомелем ушанавалі памяць забітага на барыкадах Еўрамайдана Міхася Жызнеўскага. У трэцюю гадавіну смерці беларуса на могілках ля вёскі Сцяг Працы сабралася некалькі дзясяткаў дэмакратычных актывістаў з некалькіх рэгіёнаў Беларусі.

wp_20170122_007

З Менска на могілкі ля вёскі Сцяг Працы прыехалі прадстаўнікі руху салідарнасці „Разам”.

Паводле палітыка Вячаслава Сіўчыка, подзвіг Міхася Жызнеўскага – гэта тое, што яднае беларусаў з украінцамі.

Вячаслаў Сіўчык:

– Памятаем пра героя, памятаем пра гэтую дату – 22 студзеня. Гэта неабходна будучым пакаленням для таго, каб у нас была нармальная дзяржава, каб беларусы штогод, хаця б 22 студзеня, прыходзілі на магілу героя Украіны, героя Беларусі, на магілу чалавека, які паклаў сваё жыццё за тое, каб была ўратавана еўрапейская цывілізацыя.

Гомельскі палітык Уладзімір Кацора зазначыў, што беларуская дэмакратычная супольнасць выяўляе салідарнасць з народам Украіны.

Уладзімір Кацора:

– Мы салідарныя з тым змаганнем народа Украіны, якое пачалося з мірнага супраціву на Майдане ў 2014 годзе і, на жаль, потым вылілася ў кровапраліцце. Мы салідарныя сёння з тым змаганнем, якое Украіна вядзе ў Данбасе, салідарныя са змаганнем украінскага народа за свой еўрапейскі шлях развіцця.

Перад прысутнымі выступіў бацька Героя Нябеснай Сотні. Міхаіл Пятровіч Жызнеўскі не хавае свайго расчаравання ад таго, што за тры гады не зварухнулася з месца справа з прысваеннем ягонаму сыну пасмяротнага звання Героя Украіны.

wp_20170122_002

Міхаіл Пятровіч Жызнеўскі:

– Людзі, якія прыйшлі да ўлады ва Украіне, апынуліся там дзякуючы Майдану, дзякуючы нашым дзецям, якія загінулі. Ва Украіне дзейнічае закон, згодна якому замежнікам не даюць звання Героя Украіны. Атрымліваецца, загінуць за Украіну можна, а ўнагароду атрымаць – не. У кожным правіле ёсць выключэнне.

Міхась Жызнеўскі стаў адной з першых ахвяраў украінскай рэвалюцыі Годнасці. Гамяльчук загінуў 22 студзеня 2014 года на вуліцы Грушэўскага ад агнястрэльнага ранення. Дагэтуль следчыя органы Украіны не ўстанавілі асобу забойцы.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель