Ушанаванне памяці герояў Слуцкага Збройнага чыну



Менскі аблвыканкам дазволіў Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных ушанаванню памяці герояў Слуцкага Збройнага чыну.

Як распавёў намеснік старшыні гэтай партыі Юрась Беленькі, адзначэнне адбудзецца 1 снежня ў некалькіх населеных пунктах Менскай вобласці.

– На тэрыторыі Капыльскага раёна будзе мітынг у мястэчку Грозава – 11.00 да 11.40. Потым мы на аўтобусе едзем у мястэчка Семежава, дзе з 12.00 да 13.00 адбудзецца мітынг. Потым у мястэчку Чырвоная Слабада Салігорскага раёна, з 13.30 да 14.30. І потым Слуцк. Як звычайна ў Слуцку асноўная частка мерапрыемства – з 15.00 да 16.30 мітынг.

Па словах Юрася Беленькага, ушанаванен паўстанцаў з’яўлецца традыцыйным мерапрыемствам, якое Кансерватыўна-Хрысціянская партыя БНФ праводзіць ужо шмат гадоў.

Слуцкі збройны чын — гэта ўзброенае паўстанне, якое адбылося ў лістападзе і снежні 1920 году супраць наступаючай Чырвонай Арміі. Яго мэтай было адстаяць незалежнасць Беларусі ад Савецкай Расеі.

Беларускае Радыё Рацыя