Ушанаванне памяці паўстанцаў Ігната Будзіловіча



Беларускія патрыёты з Віцебшчыны наведалі месца гібелі атраду Ігната Будзіловіча. Касінеры, аб’яднаныя ў Аршанскі атрад, налічвалі каля 50 асобаў і прымалі ўдзел у паўстанні Кастуся Каліноўскага ў 1863 годзе. 26-га красавіка таго года каля вёскі Пагосцішча сучаснага Лёзненскага раёну паўстанцы пад кіраўніцтвам Будзіловіча былі дагнаныя расейскімі войскамі ў колькасці 90 чалавек. Інсургенты былі змушаныя адступіць за дом, дзе яны апынуліся на маленькай пляцоўцы з якой было складана весці далейшы бой. У выніку бою былі ўзятыя ў палон 21 чалавекі, 6 было забіта, 3 паранена. Частцы атраду ўдалося збегчы, але зноў яны ўжо не сабраліся. З боку расейцаў было забіта 2 чалавекі і адзін паранены. Сам кіраўнік Аршанскага атраду Ігнат Будзіловіч быў расстраляны ў Аршанскай турме 28 жніўня 1863 года.

Дзеля ўшанавання памяці паўстанцаў у Пагосцішча прыехалі людзі з Воршы, Барані, Лёзны, Бешанковічаў. Спачатку ўдзельнікі паездкі адправіліся на поле, дзе адбыўся сам бой. Непадалёк у тыя часы знаходзіўся маёнтак шляхціча Пюро, дзе атрад правёў сваю апошнюю спакойную ноч. Пасля госці Пагосцішчаў прыйшлі на месца, дзе ўсталяваны памятны крыж у гонар паўстанцаў. Гэты крыж быў усталяваны дзякуючы ініцыятыве і намаганням настаўніцы з Лёзны Алены Грачышнікавай 19 жніўня 2006 года. Каля помніка выступіў бард з Бешанковічаў Георгій Станкевіч.

[Not a valid template]

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара