Ушануем памяць продкаў па-беларуску
Зварот Сакратарыята ТБМ
Шаноўныя сябры!
Неад’емнай часткай культуры кожнага народа з’яўляюцца могілкі.
Калі на могілках чысціня і парадак, значыць нацыя развіваецца, калі ж расце быльнёг і дзядоўнік, то народ і краіна – у вялікай небяспецы. Толькі ў часы нашай незалежнасці беларускія могілкі пачалі прыводзіцца ў парадак, там аднаўляюцца хрысціянскія сімвалы, у тым ліку памятныя крыжы і капліцы. Аднак, нас хвалюе адна небяспечная рэч. З часоў Расейскай імперыі, калі беларуская мова была забаронена, каталікі падпісвалі свае надмагіллі па-польску, а праваслаўныя – па-расейску. Выключэнні складалі габрэі і татары, якія ў той час зберагалі свае традыцыі і карысталіся сваімі алфавітамі.
За нядоўгі перыяд беларусізацыі ў 20-х гадах мінулага стагоддзя пачалі з’яўляцца помнікі з беларускай мовай. Аднак хваля сталінскай і хрушчоўскай русіфікацыі запаланіла нашы могілкі надпісамі на расейскай мове. Пацярпелі ў тым ліку габрэі і татары, бо і іх надпісы пачалі рабіць па-расейску.
На жаль, гэта прыкрая для нас традыцыя існуе і зараз. Нягледзячы на тое, што 83,7% насельніцтва краіны вызнае сябе беларусамі, колькасць надмагільных надпісаў па-беларуску не перавышае 1-2%. Нават надмагіллі некаторых дзеячаў беларускай культуры іх нашчадкі падпісваюць па-расейску. Пры гэтым, спрадвечныя імёны і прозвішчы беларусаў непазнавальна змяняюцца: Янка становіцца Іванам, а Алена – Еленай.
Таму мы звяртаемся да ўсіх грамадзян Беларусі з прапановай узнавіць спрадвечную традыцыю ўсталявання помнікаў сваім блізкім, якія адышлі ў іншы свет, з надпісамі па-беларуску, каб сцвердзіць сваю нацыянальную свядомасць і прыналежнасць да еўрапейскай сям’і народаў.
12.07.17