Ускрыванне канвертаў на пошце – ужо норма?



Былы інжынер Мікашэвіцкага прадпрыемства “Граніт” Уладзімір Табула звярнуўся ў Генеральную пракуратуру. Ён лічыць незаконным умяшальніцтва пошты ў яго перапіску з дзяржаўнымі ўстановамі па прычыне спрэчнага пытання з прадпрыемствам “Граніт”. Змест яго перапіскі станавіўся на “Граніце” вядомым. Лісты без паштовага штампа на канверце ў дзень атрымання чамусьці са спазненнем траплялі ў паштовую скрынку яго маці. Хаця на канверце адрас Уладзіміра Табулы:

Лічу, што маю перапіску чыталі, канверты ўскрывалі. Мяне насцярожылі пісьмовыя адказы з Берасцейскага абласнога ўпраўлення дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы: на пяці адказах ёсць штрых-коды на канвертах, а на двух – няма. Таму лічу, што змест падменены.

Начальнік Лунінецкага раённага паштовага аддзялення Ніна Дударга не выявіла парушэнняў падчас праверкі гэтага факта. Яна лічыць канверты без штампаў на звароце нормай:

– З боку працаўнікоў аддзела сувязі парушэнняў няма. Усё было пастаўлена ў адпаведнасці з нашай тэхналогіяй. У інтэрнэце ёсць пра гэту тэхналогію – адкрыйце і пачытайце.

Па словах старэйшага інструктара Берасцейскага абласнога аддзялення Белпошты Наталлі Чэпялевіч, каляндарны штэмпель, калі ліст паступіў у Мікашэвічы, павінен абавязкова быць.

Беларускае Радыё Рацыя