«Услужливые дураки» ад журналістыкі, альбо Як падзенне Боінга нас загубіла



„Надышлі іншыя часы, і немагчыма захоўваць нейтралітэт,” – сказалі журналістам у Расеі пасля падзення Боінга ва Украіне.

Журналістыка як прафесія знікае, а балем кіруюць прапагандысты. Такая агульная сітуацыя сёння ў Расеі. Перакананы госць праекта “Месца для прэссы” на Беларускім Радыё Рацыя расейскі тэлежурналіст Сяргей Ержэнкоў. Ён зараз працуе на незалежным тэлеканале “Дождж”, куды прыйшоў з праграмы “Тыдзень з Мар’янай Максімоўскай” на тэлеканале РЭН. У расейскай ТВ-прасторы гэта была бадай адзіная праўдзівая праграма, але і тая не вярнулася пасля летніх вакацыяў у эфір. Сваю кар’еру Сяргей Ержэнкоў пачынаў на телеканале НТВ у праграме “Прафесія рэпарцёр”.

45203_2940186919132_1005512950_n        Фота з facebook.com

– Той час мы сёння з пяшчотай і сумам згадваем як час «мядзведзеўскай» адлігі, – расказвае журналіст. – Тады было дазволена журналістам, няхай і эзопавай мовай, няхай не ў лоб, але гаварыць пра сур’ёзныя рэчы. Мы тады працавалі ў праграме «Прафесія рэпарцёр». Андрэй Лашак, напрыклад, вядомы ў Расеі журналіст, Павел Лабкоў, з якім я зараз працую на телеканале “Дождж”, Кацярына Гардзеева, якая засталася не пры справе і цяпер зусім не ў прафесіі. Вось гэтыя людзі працавалі ў праграме «Прафесія рэпарцёр», як і я. Мы тады здымалі сюжэты з маршу нязгодных, распавядалі пра гэтыя мітынгі. Калі нам кіраўніцтва забараняла гэта выпускаць у эфір, мы выкладалі свае матэрыялы на ютуб.

Неўзабаве сітуацыя на расейскім телеканале НТВ пачала мяняцца і пра гэта ўзгадвае журналіст.

– Гэта было 23 верасня, дакладна памятаю, бо акурат у мой дзень народзінаў, Мядзведзеў і Пуцін прынялі рашэнне пра ракіроўку, і Уладзімір Уладзіміравіч прыняў рашэнне вярнуцца ў крэсла прэзідэнта. І вось тады сталі закручваць гайкі і ў нас на тэлеканале – паступова ўсіх гэтых людзей, незалежных і свабодалюбівых, выжылі з тэлеканала. Мар’яна Максімоўская прапанавала мне перайсці ў сваю праграму. Гэта была такая ціхая затока ў моры хлусні. Нават многія калегі жартавалі над намі, маўляў, што мы выконваем функцыю паравыпускання, бо павінна існаваць хаця б адна незалежная праграма на расейскім тэлеканале для таго, каб, напрыклад, у дыялогах з заходнімі партнёрамі можна было б згадаць гэтую праграму як неаспрэчны доказ існавання дэмакратыі, плюралізму думак у Расеі. І пры гэтым рэйтынг у праграмы не вельмі высокі, пры гэтым выходзіць на лакальным тэлеканале, і таму не вельмі шкодная. І вось у гэтай ціхай, утульнай затоцы я праіснаваў 2,5 гады, роўна да таго часу, пакуль данецкія апалчэнцы з нейкіх там арбалетаў або падручных сродкаў не збілі малайзійскі Боінг. Тады кіраўніцтва тэлеканала сказала: надышлі іншыя часы, немагчыма захоўваць нейтралітэт, таму трэба быць або за «чырвоных», або за «белых». Вырашайце: або вы з расейскім кіраўніцтвам, або закрываем праграму. Мар’яна прыняла рашэнне, за што я ёй удзячны, думаю, як і ўсе супрацоўнікі праграмы «Тыдзень», каб захаваць сваю і нашу рэпутацыю, закрыць праграму, і такім чынам мы засталіся без працы. Я быў без працы 2,5 месяцы. Тады мяне паклікалі на «Дождж».

РР: Сяргей, я ўсё ж хачу зразумець, ці была палітычная матывацыя закрыцця праграмы Максімоўскай?

 Так, я думаю, што ўсё, што адбываецца зараз, што адбывалася раней у расейскай журналістыцы – абсалютна ўсе праграмы, усе часопісы, усе газеты, як у нас жартам любяць гаварыць у Фэйсбуку, звёны аднаго «грёбанага» ланцуга. Насамрэч палітычная матывацыя закрыцця нашай праграмы і іншых часопісаў ды газет – гэта падзенне Боінга, якое нас загубіла. Да гэтага праграма праіснавала цэлых 10 гадоў.

РР: Калі б ні «Дождж», дзе б вы яшчэ маглі працаваць ў Расеі?

–  З маім светаадчуваннем як журналіста я б не змог нідзе працаваць, акрамя як на тэлеканале «Дождж». Усе 2,5 месяцы майго беспрацоўя, мушу сказаць без ілжывай сціпласці, я не заставаўся без увагі тэленачальнікаў, мяне перыядычна клікалі працаваць на федэральныя тэлеканалы, у прыватнасці, і на Першы телеканал, ёсць такі тэлеканал «Звязда» Міністэрства абароны Расейскай Федэрацыі і тэлеканал ТВЦ. Кожны раз, калі я абмінаў парог кабінета тэленачальніка, мне адразу задавалі пытанне: як ты лічыш, Крым усё ж такі наш або не наш. І калі гэта паўтарылася адзін раз, другі, трэці, то я падумаў, што гэта для іх такі від спорту – перавабіць на свой бок незалежнага журналіста. Журналіст з праграмы «Тыдзень» робіцца дзяржаўным прапагандыстам. Для іх, напэўна, гэта была «ідэя фікс». У савецкія часы гэта называлася «вярбоўка». І дарэчы многія мае калегі, з кім я працаваў на тэлеканале НТВ, на тэлеканале РенТВ, яны ўсё ж такі купіліся на гэта, бо сям’я, дзеці, іпатэка, для многіх аказаліся важней, чым прафесіяналізм, на жаль.

РР: А зараз на «Дажджы» ў вас ёсць магчымасць сябе рэалізаваць?

– Я спадзяюся, што ёсць, таму што, па-першае, я адчуў небывалую свабоду, таму што мае тэксты ніхто не папраўляе. Я не спрабую ўключаць унутраную самацэнзуру. Што істотна. Многія лічаць, што расейскім журналістам спускаюцца з адміністрацыі прэзідэнта ўжо напісаныя тэксты пра “ўкраінскіх карнікаў, фашыстаў, бандэраўцаў”. На самой справе гэта часткова так. Там спускаецца нейкая дырэктыва, разнарадка, у якой танальнасці трэба падаваць той ці іншы сюжэт.

Многія людзі самі бягуць наперадзе цягніка. Салтыкоў Шчадрын называў такіх людзей «услужливыми дураками». За мінулыя 150 гадоў нічога не змянілася. Гэтыя людзі самі гатовыя выслужвацца перад начальствам. Самі гатовыя пісаць пра зверствы ўкраінскіх карнікаў. Вось гэтае пачуццё ўнутранай самацэнзуры, каб дагадзіць начальству, злавіць слушны накірунак ветру, пачуць сігнал. Я ж зараз не абмежаваны ніякімі рамкамі, я пішу тыя тэксты, якія хачу пісаць. Адзінае, што паўстае адчуванне, так склалася мая тэлевізійная кар’ера, я з НТВ, які трэці па папулярнасці ў Расеі, перайшоў на РенТВ, а цяпер на тэлеканал «Дождж». Узнікае часам адчуванне, што ты вярнуўся ў студэнцкія часы, калі людзі самі здымаюць, самі мантуюць, самі пішуць тэксты – усё робяць самі. Такое анархічнае падполле, дзе людзі ўсё робяць самі. Але гэтае разуменне, што ты свабодны, што можаш рабіць усё, што хочаш, – яго ні з чым не параўнаць. Гэта варта таго, каб менш атрымліваць грошай, мець меншую папулярнасць, галоўнае – каб захаваць сябе.

РР: Сяргей, вы зараз расказваеце такую вельмі цікавую сітуацыю, якая ў Беларусі ўжо існуе даўно. У Беларусі ўжо 20 гадоў Лукашэнка кіруе, і журналісцкая медыясупольнасць таксама ламалася. Калі журналісты дзяржаўных СМІ рабіліся ўслужлівымі. Вы вельмі правільна сказалі. У нас ёсць такая фраза: «Вы ж самі ўсё разумееце». І журналісты сапраўды робяць прапагандысцкія тэксты, апраўдваючы сябе тым, што «вы ж самі разумееце, у якой краіне мы жывём». Як вы думаеце, калі ў Расеі адбыўся гэты пералом, калі свабода слова пачала згортвацца?

 Я думаю, самы пераломны момант, «кропка невяртання» – гэта разгон старога НТВ. Гэта адбылося, калі я яшчэ быў студэнтам. Я тады не працаваў на тэлеканале НТВ, але так склалася, што многія мае сябры працавалі, і яны аказаліся відавочцамі тых падзеяў. Зараз адбываецца цкаванне тэлеканала «Дождж» – усё гэта моцна нагадвае цкаванне тэлеканала НТВ тых гадоў. Усё гэта адбываецца на падставе нейкіх эканамічных парушэнняў. Тады гэта адбылося нібыта з-за неаплочвання крэдытаў. Пачалі «прэсаваць» НТВ і сказалі, што павінен змяніцца ўласнік. На столькі па-майстэрску была праведзена гэтая чэкісцкая спецаперацыя. Пуціну і яго апрычнікам удалося раздрабіць журналісцкі калектыў старога НТВ, кагосьці купіць. І вось гэта была «кропка невяртання».

На самой справе журналісты самі вінаватыя ў тым, што адбылося. У крытычны момант журналісцкая супольнасць Расеі падзялілася. У мяне шмат сяброў, якія працуюць на федэральных расейскіх тэлеканалах, якія гавораць, ты ж разумееш, жыццё такое, у мяне іпатэка, я прыехаў з нейкай расейскай глыбінкі, узяў іпатэку ў Маскве, у мяне двое дзяцей, і што мне рабіць, я нічога, акрамя як пісаць літаркі, не ўмею. Што мне рабіць? Людзі самі аказаліся закладнікамі.

РР: З улікам той інфармацыі, якую вы нам расказалі, сёння вы камусьці парэкамендавалі выбраць прафесію журналіста?

–  Напэўна, не выбраў бы прафесію журналіста. Па-першае, такой прафесіі насамрэч няма. Ёсць пакліканне журналіста. Я ведаю шмат вядомых журналістаў, якія не маюць журналісцкай адукацыі. Калі чалавек гарыць жаданнем несці свету праўду, то ён павінен рабіцца журналістам, павінен вучыцца, але павінен быць гатовым да сур’ёзных выпрабаванняў. У нас сёння адбываецца тое ж, што ў вас адбывалася пяць гадоў таму. Таму я смяюся, калі нехта кажа, што Беларусь і Украіна – гэта такія адсталыя краіны, нібыта яны яшчэ ў 90-х гадах. Але многія працэсы ў вас адбываюцца хутчэй, чым у нас. І мы бачым, што Уладзімір Пуцін стаў пераймальнікам Лукашэнкі. Хто пяць гадоў таму мог сабе такое ўявіць, што Пуцін ператворыцца ў таго, кім ён ёсць цяпер? Ён ідзе роўна па слядах Лукашэнкі.

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, для праекта “Месца для прэсы”

Фота komando.com