Успаміны старажылаў Віцебшчыны пра вайну
У ноч з 8 па 9 траўня 1945 года ў прыгарадзе Берліна Карлсхорсце быў падпісаны другі па ліку акт аб капітуляцыі Германіі ў Другой сусветнай вайне. Таму адны краіны, ЗША ды іншыя краіны Заходняй Еўропы , Дзень Перамогі святкуюць 8 траўня. У Беларусі і ў некаторых краінах постсавецкай прасторы гэтае свята адзначаюць 9 траўня.
Ужо засталіся лічаныя людзі, якія памятаюць тыя жахлівыя дні вайны. Якімі ж яны былі для простых людзей, успамінаюць старажылы Віцебшчыны Казімір Кашко і Алена Шчэбет.
– У вайну нічога добрага не было. Траву, гнілую бульбу елі – усё, што траплялася, елі, бо неяк трэба было жыць. Я дык з голаду апухшы быў, як сагнуся – падаю. Як ягады пайшлі, дык лежучы збіраў іх і еў. Тады крыху адышоў. Тут у асноўным партызаны былі. Немцы толькі наязджалі, як рабавалі. Тады падчыстую ўсё забіралі. Партызанам таксама трэба было жыць, і яны бралі.
– Дапамагалі партызанам у вёсцы, як маглі. Калі даведаліся пра гэта немцы, то прыехаў карны атрад з сабакамі. Сагналі ўсіх у тры гумны: 95 чалавек з дзецьмі. У карным атрадзе былі латышы. Каля нашага дома быў калодзеж. Дык калі побач з ім ішлі і бачылі жанчын, якія неслі маленькіх дзяцей на руках, дык выхоплівалі іх з рук і жыўцом кідалі ў той калодзеж.
У Беларусі 9 траўня, у дзень перамогі над нацызмам, ладзяцца мітынгі-рэквіемы, ускладаюцца кветкі да помнікаў загінулых, праводзяцца святочныя канцэрты і выставы. Мерапрыемствы звычайна заканчваюцца салютамі.
Поўны гук слухайце ў далучаным файле:
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя