Усталяваныя два новыя помнікі паўстанцам 1863 года



Грамадскія актывісты з Гарадзеншчыны ўсталявалі паўстанцам 1863-64 года дзве драўляныя стэлы з надпісам “Айчына. Абаронцам Сваім”. Стэлы з’явіліся ў вёсцы Новы Двор Свіслацкага раёну на Гарадзеншчыне і каля ўрочышча Вялікі Вугал Камянецкага раёну на Берасьцейшчыне.

Пра ўсталяванне стэлаў-помнікаў распавядае намеснік старшыні партыі БНФ Вадзім Саранчукоў: У мінулым годзе нам удалося знайсці інфармацыю, што ў гэтым месцы ў лесе знаходзіўся паўстанцкі лагер, таму мы абралі такое месца для ўшанавання на Берасцейшчыне. Мы не абмяжоўваемся толькі Гарадзеншчынай. Дзяржава ніякім чынам не ўшаноўвае сваіх герояў, таму грамадскасці, актывістам-патрыётам даводзіцца браць ня сябе гэтую функцыю.

Гісторык Аляксей Кайрыс ўпэўнены, што тэма паўстання Каліноўскага патрэбна беларускаму грамадству: Набліжаецца значная дата – перапахаванне парэшткаў Кастуся Каліноўскага і іншых паўстанцаў, якія былі пахаваныя на гары Гедыміна ў Вільні. Таму мы мусім актуалізаваць зараз у беларускім грамадствве цікавасць да гісторыі паўстання, актуальнасць гэтай тэмы. І ўвогуле гэта такая гістарычная тэма, на якой можа базавацца беларуская нацыянальная ідэя.

Стэлы вышынёй 6 метраў ўсталёўваюць на валантэрскіх пачатках ў межах кампаніі «Каліноўскі-2019».

Беларускае Радыё Рацыя