Устаноўлена адзіная плата за карыстанне падручнікамі



У 2018/2019 навучальным годзе ўстаноўлена адзіная плата за карыстанне падручнікамі і дапаможнікамі для ўсіх навучэнцаў, паведамілі БелаПАН у Міністэрстве адукацыі.

Так, пастановай урада ад 28 жніўня 2018 года № 621 „Аб унясенні змяненняў у пастанову Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24 чэрвеня 2011 г. № 839” устаноўлена плата за падручнікі і дапаможнікі для дашкольнікаў у 0,2 базавыя велічыні — 4,9 рубля. За карыстанне камплектам падручнікаў па праграме агульнай сярэдняй адукацыі трэба заплаціць 12,25 рубля (0,5 базавай велічыні).

Бацькі павінны ўнесці плату да 1 кастрычніка гэтага года.

Раней плата за карыстанне падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі для навучэнцаў 1—11-х класаў бралася ў памеры 50% кошту камплектаў гэтых падручнікаў і навучальных дапаможнікаў. Плата за карыстанне навучальнымі дапаможнікамі для дашкольнікаў бралася ў памеры іх поўнага кошту. Напрыклад, першакласнікі плацілі за падручнікі 8,24 рубля, адзінаццацікласнікі — 13,98 рубля. З гэтага навучальнага года плата для ўсіх навучэнцаў аднолькавая.

belapan.by

Фота nao24.com