Установы прафтэхадукацыі Беларусі пачалі прыём дакументаў
Установы адукацыі Беларусі 15 чэрвеня пачалі прыём дакументаў ад абітурыентаў для атрымання прафесіі рабочага, служачага з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй, паведамілі ў прэс-цэнтры Міністэрства адукацыі.
На ўзровень прафтэхадукацыі плануецца прыняць 31 тыс. чалавек. Гэта на 1,3 тыс. больш у параўнанні з наборам у 2017 годзе. Для навучання за кошт сродкаў бюджэту прадугледжана 30,8 тыс. месцаў.
У структуры прыёму захаваны тэндэнцыі мінулых гадоў: спецыяльнасці рэальнага сектара эканомікі складуць каля 80 працэнтаў.
Прыём вядуць 134 установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі па больш як 250 прафесіях. Акрамя таго, на навучанне па рабочых прафесіях набіраюць 48 устаноў адукацыі іншых узроўняў, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафтэхадукацыі.