Усяленскі патрыярхат прызнаў перадачу Кіеўскай мітраполіі ў кіраванне Масквы незаконным
Сінод Усяленскага патрыярхату 11 кастрычніка адмяніў сваё рашэнне ад 1686 года пра перадачу Кіеўскай мітраполіі ў кіраванне маскоўскай царквы. Пра гэта са спасылкай на некалькі крыніцаў напісаў у Facebook спікер Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату архіепіскап Еўстрацій Зора (на фота).
Паводле яго слоў „анексія Кіеўскай мітраполіі Рускай царквой” прызнана незаконнай. Гэтае рашэнне Зора назваў чаканым і параіў дачакацца афіцыйнага паведамлення Сінода.
Акрамя гэтага прадстаяцеля Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхата Філарэта і прадстаяцеля Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Макарыя Сінод Усяленскага патрыярхату аднавіў у кананічным сане, паведаміў рэсурс orthodoxia.info.
Прыгадаем, што Руская праваслаўная царква ў 1997 годзе абвесціла анафему патрыярху УПЦ КП Філарэту (Дзенісенку). У 1992 годзе Маскоўская патрыярхія пазбавіла яго сана мітрапаліта, звінаваціўшы ў раскольніцтве.
Таксама РПЦ не прызнала УАПЦ, якую з 2015 года ўзначальвае мітрапаліт Макарый (Малеціч).
Трохдзённы сінод Усяленскага патрыярхату пачаўся 9 кастрычніка ў Стамбуле. Паседжанне праходзіць у закрытым рэжыме.
Беларускае Радыё Рацыя