Усё больш беларусаў звяртаюцца ў Польшчы па дапамогу
У Польшчы расце колькасць заяваў ад замежнікаў, у тым ліку грамадзянаў Беларусі, якія маюць карту паляка і звяртаюцца па фінансавую дапамогу. Калі летась толькі ў Падляшскім ваяводстве было разгледжана больш за 3 тыс такіх заяваў, то ўжо цяпер іх пададзена больш за 2 тысячы.
„Беларусы польскага паходжання ўсё часцей вырашаюцца ўсёй сям’ёй пераехаць, каб жыць і працаваць у Польшчы”, – кажа намеснік дырэктара аддзела па грамадзянскіх справах і справах замежнікаў Падляшскага ваяводства Віялета Малгажата Мразковяк:
– Гэта аднаразовая дапамога, якая разлічана на дзевяць месяцаў і падзелена на дзве часткі. Першыя тры месяцы – гэта палова мінімальнага заробку ў Польшчы 2100 злотых. Сродкі атрымлівае заяўнік – муж або жонка, калі гэта пазначана ў заяве. Калі пазначаны непаўнагадовыя дзеці, якія знаходзяцца на ўтрыманні заяўніка, то яны атрымліваюць палову гэтай паловы, то бок 25%. Калі ідзе пра наступныя месяцы – з шостага па дзявяты, то гэта 60% выплачваемай сумы. Усё залежыць ад таго, як замежнікі падаюць гэтыя заявы. Калі яны падаюць іх, напрыклад, у кастрычніку, то да канца года застаецца не шмат часу, а мы не можам перанесці выплату дапамогі на наступны год. Карты паляка выдаюцца за мяжой ужо даўно, падляшскі ваявода выдае іх ад кастрычніка мінулага года. Жадаючых атрымаць гэты дакумент шмат. Таму калі мы кажам пра тых асобаў, якія маюць карты паляка, то з іх боку зацікаўленасць у такой дапамозе вялікая, а іх колькасць расце. Статыстыка сведчыць пра гэта: колькасць рашэнняў на выдзяленне дапамогі расце. У 2017 годзе было выдадзена 3051 рашэнне на аказанне дапамогі, а да 30 красавіка гэтага года ўжо 2253. Бачны вялікі рост.
РР: Як выглядае працэдура падачы дакументаў?
– Асоба, якая падасць дакументы на від на жыхарства ў нашай краіне, можа адначасова падаць заяву на грашовую дапамогу. Гэта можна зрабіць не пазней, чым праз тры месяцы пасля падачы заявы на від на жыхарства. Усю інфармацыю можна знайсці на нашым сайце, гэта не складана. Там ёсць узор фармуляру, які можна раздрукаваць. Падаецца фармуляр, пацверджанне аплаты збору – 10 злотых, ксеракопіі. Трэба прынесці арыгіналы, але ксеракопіі таксама варта мець, каб супрацоўнікі маглі пацвердзіць, што яны былі прад’яўлены.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Паводле Віялеты Малгажаты Мразковяк, пакуль фінансавыя сродкі для ўладальнікаў карты паляка вычарпаныя, разглядаюцца заявы толькі тых замежнікаў, якія паспелі звярнуцца з адпаведнай заявай да 2 сакавіка. Тым не менш, заявы ўсё роўна прымаюцца і ставяцца ў чаргу.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя