„Усё гэта робіцца, каб узмацніць кантроль за лекарамі”
Чарговае новаўвядзенне для медыкаў не першы раз паказала страх рэжыму перад людзьмі ў белых халатах, якія ў 2020 годзе ўпершыню вышлі разам з беларусамі на акцыі пратэсту. Гэтыя новаўвядзенні мы абмеркавалі з беларускім лекарам у эміграцыі, госцяй Беларускага Радыё Рацыя Вікторыяй Галёнка.
РР: У сеціва патрапіў цікавы дакумент «Дапаўненні ў правілы ўнутранага распарадку медычных устаноў аховы здароўя». Гэтыя дапаўненні мяне шакавалі. Напрыклад, забаронена цяпер прыносіць на тэрыторыю аховы здароўя экстрэмісцкую сімволіку. Ці прыносілі яе калі-небудзь урачы?
Віктарыя Галёнка: Ніколі ўрачы не прыносілі ніякай сімволікі акрамя змяі на халатах, акрамя чырвонага крыжа. Пра забароненую сімволіку размова была пры мне аднойчы, гадоў 15 таму, калі ў аддзяленні з’явіліся манахіні і на сталах недзе ў калідоры ляжалі якіясць брашуркі. І гэта таксама называлася забароненай літаратурай. Сказалі пра гэта на агульнай пяцімінутцы. Папярэдзілі, каб гэтай забароненай літаратуры не было. На што ўрачы пасмяяліся. Прыдумваць забароненую сімволіку можна бясконца і, аказваецца, ужо даўно.
РР: Я маю на ўвазе бел-чырвона-белы сцяжок, значок, герб «Пагоня», ці нейкую літаратуру. Гледзячы на тое, што ўрачы дазволілі сабе актыўна ўдзельнічаць у супраціве рэжыму, таму, відаць, узмацняюць кантроль.
Віктарыя Галёнка: На працоўным месца ўрачы адназначна гэтым не займаліся. Таму што, ведаючы працу ўрача, скажу, што на гэта няма часу. Калі штосьці і гучыць з палітычнага боку, то гучыць па-за межамі працы, па-за межамі медычных устаноў, таму што ўвесь працоўны дзень у кожнага ўрача настолькі шчыльны, хаця б адносна хворых усё абгаварыць. З боку ўлады забарона сімволікі на працоўным месцы ў лекараў гучыць парадаксальна і гучыць толькі з мэтай папужаць.
РР: Ну вось цяпер урачам, напрыклад, не дазволена ўдзельнічаць у сацыяльных апытаннях на тэрыторыі ўстановы аховы здароўя. Ці былі калі-небудзь сацыяльныя апытанні на тэрыторыі ўстановы аховы здароўя?
Віктарыя Галёнка: За досыць працяглы час сваёй працы не памятаю такога, каб хтосьці апытваў мяне на сацыяльныя тэмы. Сацыяльныя тэмы гучаць толькі ў аддзеле статыстыкі і ў адміністрацыі, калі робім справаздачы.
Цалкам размова:
З госцяй Беларускага Радыё Рацыя, лекарам Вікторыяй Галёнка размаўляла наш карэспандэнт Аліна Андрыевіч.