„Утойванне інфармацыі пра аварыю на будоўлі АЭС – кепскі знак”



У адказ на патрабаванне Літвы даць тлумачэнні адносна магчымай аварыі на будаўніцтве Атамнай электрастанцыі, прэс-служба Міністэрства энергетыкі Беларусі толькі пацвердзіла, што 8 красавіка ў Астраўцы быў зафіксаваны “дэфект пры падрыхтоўчых работах”.  А менавіта адбылося частковае пашкоджанне падтрымліваючых канструкцый апалубкі. “Наступствы ліквідаваныя”, – запэўнівае ведамства, якое спачатку называла інфармацыю пра здарэнне на будоўлі “поўнай лухтой”.  Старшыня АГП Анатоль Лябедзька лічыць першапачатковае ўтойванне беларускімі ўладамі інфармацыі дрэнным знакам:

– Вось літоўцы пра сваіх грамадзянаў клапоцяцца, паднімаюць гэтае пытанне. У нас акрамя грамадзянскай супольнасці клапаціцца пра грамадзянаў няма каму. Таму і здарыўся гэты скандал. Ён яшчэ раз падкрэслівае, што ў нас абсалютна няма ніякіх гарантый, няма ніякага доступу да інфармацыі, і мы можам толькі канстатаваць, што Кітай будзе весці будаўніцтва АЭС. Тым больш што праблемы, і ў пытаннях бяспекі, і эканамічнага характару, будуць толькі ўзнікаць новыя. 

Раней літоўскія ўлады неаднаразова падкрэслівалі, што не збіраюцца купляць энергію з беларускай атамнай электрастанцыі. Таму што будоўля ў Астраўцы, што побач з літоўкай мяжой, парушае патрабаванні Канвенцыі  пра ацэнку ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя