Радыёактыўныя ягады з Магілёўшчыны
У Магілёве ў траціне здадзеных на праверку чарніцаў выяўлены высокі ўзровень радыяцыйнага забруджання. Найбольш забруджаныя чарніцы назбіралі ў лесе каля вёскі Боўшава, што ў Магілёўскім раёне. У ягадах утрыманне радыёактыўнага цэзію перавысіла норму амаль у чатыры разы. Некаторыя вяскоўцы кажуць, што па ягады ў лес не ходзяць, іншыя – даводзяць, што ведаюць мясціны, дзе браць лясныя дары небяспечна і туды не наведваюцца:
– Свае ягады мы збіраем у сваім агародзе, у лес ходзім не так часта. Бывае трошкі збіраем. Радыяцыя тут даўно. У свой час вёска была пад высяленне. А затым усё заціхла. Праўда, у вёсцы і засталося чалавек 30. А што ім рабіць? Працы няма ні ў горадзе, ні ў вёсцы. Збіраюць ягады. Ведаю, што ёсць людзі, якія іх прадаюць. Правяраюць яны іх, ці не – не ведаю. Для сябе, канешне, мы трохі збіраем.
У Магілёўскім занальным цэнтры гігіены ды эпідэміялогіі пацвердзілі, што выяўлены ў ягадах цэзій — гэта наступства аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Паводле супрацоўнікаў цэнтру, жыхары вёсак ведаюць, што збіраць ягады і грыбы ў многіх месцах – нельга, аднак працягваюць гэта рабіць:
Усё роўна яны заходзяць у лес. Калі правяраюць, калі не. Часам бачуць, што перавышае норму, усё адно збіраюць. Што яны там з ёй робяць? Відаць, ужываюць у ежу. Часта не правяраюць. А навошта? Мы ўжо звыклыя тут, мы ўжо столькі з’елі. Нічога страшнага.
Тым часам вяскоўцы з всёскі Боўшава зазначаюць: пра радыяцыю задумваюцца толькі тады, калі пра яе пачынаюць гаварыць. А пазней зноў забываюцца пра небяспеку.
Паводле БелаПАН