Уцечка аміяку ў Клецку
23 жніўня а 06:25 у цэнтр аператыўнага кіравання выратавальнікам Клецка паступіла паведамленне пра ўцечку аміяку ў кампрэсарным цэху Клецкага філіяла ААТ „Слуцкі сыраробны камбінат”. Да месца аварыі былі накіраваныя 14 падраздзяленняў МНС, у тым ліку служба хімічнай і радыяцыйнай абароны.
Калі да месца выкліку праз 6 хвілін прыбылі ратавальнікі, уцечку рэчыва ўжо спынілі работнікі прадпрыемства, перакрыўшы заcаўкі трубавода ў месцы пашкоджання.
Падчас высвятлення абставінаў устаноўлена, што пры правядзенні планавых рамонтных работ, якія праводзяцца прадстаўнікамі кампаніі з Менска, адбылася разгерметызацыя фланцавага злучэння ў сістэме трубаводаў кампрэсарнага цэха. У выніку з трубавода вылілася 5 кг аміяку на плошчы 0,5 квадратных метраў. Усяго ў сістэме знаходзіцца каля 7 тон аміяку. Апаратна-праграмны комплекс, які паведамляе пра няспраўнасці і уцечкі, быў адключаны ў сувязі з рамонтам.
У момант надзвычайнага здарэння ў будынку кампрэсарнай знаходзіліся начальнік аміячнай кампрэсарнай, два аператары і двое работнікаў мантажнай арганізацыі. У выніку пацярпеў начальнік цэха, які з папярэднім дыягназам „хімічны апёк” шпіталізаваны ў рэанімацыйнае аддзяленне шпіталя брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі.
Для прадухілення выхаду аміяку з кампрэсарнай ратавальнікі арганізавалі вадзяную загароду, падаўшы 3 ствалы і перфараваныя рукавы. Тэхналагічны працэс прадпрыемства парушаны не быў.
Паводле папярэдніх дадзеных, прычына ўцечкі аміяку – пашкоджанне пракладкі фланцавага злучэння сістэмы трубаводаў.