“Утульны куток”. Вечар добрасуседства ў Віцебску



18-гадовы віцяблянін Мікіта Вяжэвіч вырашыў, што ўсе суседзі ў ягоным двары павінны пазнаёміцца і пасябраваць.

А жыхары бліжэйшых дамоў па вуліцы Кірава – далучыцца да суседскай супольнасці. Найлепшы спосаб аб’яднацца – гэта супольная справа, лічыць Мікіта:

– Я яшчэ з дзяцінства марыў, каб людзей крышачку сплаціць, каб яны паміж сабой пазнаёміліся, каб зносіліся між сабой. Але не ведаў, як гэта зрабіць… І тут падумаў: зіма блізка, і можна аб’яднаць усіх добрай справай. Рабіць кармушкі, каб і птушкам было добра, і каб людзі паміж сабой пазнаёміліся.

Сабрацца было вырашана ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – пашанцавала, што ўстанова месціцца проста ў двары дому, дзе жыве хлопец. Суседзі спярша рабілі кармушкі, потым пілі гарбату і размаўлялі.

Тэрытарыяльны цэнтр таксама атрымаў падарунак, кажа каардынатарка праектаў грамадска-культурніцкай установы “Vitebsk4me” Вікторыя Фаміна:

– Упрыгожылі будынак тэрытарыяльнага цэнтру – графіці з птушкамі, у такім прыемным зялёным колеры. Гэта была ідэя, каб пазнаёміцца бліжэй з суседзямі, з тымі, хто жыве побач. Канешне, мы будзем радыя, калі нехта гэтую ідэю падхопіць, і людзі будуць збірацца, абмяркоўваць, што можна зрабіць разам, і намагацца нешта рабіць разам.

Бліжэйшымі днямі кармушкі павесяць у дварах па вуліцы Кірава, каб там стала больш утульна і птушкам, і людзям, якія зрабілі добрую агульную справу.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя