Утвораны новы біясферны рэзерват «Прыпяцкае Палессе»
Утвораны новы біясферны рэзерват «Прыпяцкае Палессе», які ахоплівае ўсходнюю частку Берасцейшчыны і заходнюю частку Гомельшчыны.
У яго склад трапілі перліны беларускага Палесся – альманскія і пінскія балоты, водна-балотныя ўгоддзі «Стары Жадзен», нацыянальны парк «Прыпяцкі» ды іншыя скарбы беларускай прыроды. Намесніца старшыні Беларускага таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Таццяна Хвагіна адзначае, што вельмі важна падрыхтаваць кадры, змогуць ладзіць падарожжы па такіх аб’ектах:
— Трывожыць тое, што ў нас на Палессі паменшылася колькасць турыстаў, якіх цікавіць прырода Палесся. Мы проста гэтых турыстаў не бачым, бо калі б нават з’явілася такая замова, дык мы маглі не знайсці аніводнага адмыслоўцы, які выдаў бы праграму і паказаў бы і арнітолагам і эколагам і людзям, які зацікаўлены ў нейкіх спецыяльных тэмах. Проста мы не можам знайсці спецыялістаў.
Сярод галоўных мэтаў біясфернага рэзервату «Прыпяцкае Палессе» — захаванне знакавых для Беларусі і міжнароднай супольнасці прыродных рэсурсаў рэгіёну, і адраджэнне парушаных экалагічных сістэмаў.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск