Уведзена сезонная забарона на лоўлю еўрапейскага сома і чудскага сіга



З мэтай стварэння спрыяльных умоў для ўзнаўлення чудскага сіга з 1 лістапада па 15 снежня ў Беларусі ўстанаўліваецца забарона на яго вылаў. У гэты перыяд у сіга праходзіць нераст. Праснаводны прадстаўнік сямейства ласосевых не баіцца холаду і пачынае размнажэнне позняй восенню.

А вось сом, наадварот, вельмі адчувальны да пахаладання, таму раней за іншыя віды рыб залягае на зімоўку. Пры гэтым сом становіцца практычна нерухомым, што робіць яго лёгкай здабычай на зімавальных ямах. Для захавання папуляцыі ў зімовы перыяд з 1 лістапада па 31 сакавіка яго вылаў паўсюдна забаронены.

Здабыча гэтых відаў рыбы ў час забароны абыйдзецца парушальнікам у буйныя сумы: 12 базавых велічынь за кожную асобіну еўрапейскага сома і 9 базавых — за кожную асобіну чудскага сіга, нагадалі ў дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

zviazda.by