Увосень у Менску адкрыюць вялікую выставу, прысвечаную Курапатам (абноўлена)



У Менску пачата падрыхтоўка да правядзення выставы, прысвечанай Курапатам – месцы расстрэлаў і пахавання ахявраў сталінскіх рэпрэсій. Такое рашэнне было прынята на паседжанні працоўнай групы па падрыхтоўцы адкрытага нацыянальнага конкурсу на лепшую ідэю ўшанавання ў Курапатах бязвінных ахвяраў савецкага таталітарызму. Па словах грамадскага актывіста і журналіста Марата Гаравога, конкурс стане адказам грамадскасці на дзейнасць камерцыйных структураў, якія пры падтрымцы ўлады вядуць незаконны наступ на тэрыторыю гэтага мемарыялу.

– Першым крокам на шляху да гэтага конкурсу мы вырашылі зрабіць мастацка-дакументальную выставу. На гэтай выставе мы мяркуем прапанаваць гледачам, у асноўнае творчай моладзі, мастацкія творы на гэтую тэму і на тэму сталінскіх рэпрэсій, а таксама дакументальныя стужкі, фотаздымкі, навуковыя матэрыялы, артэфакты, публіцыстыку, каб засяродзіць увагу вакол Курапатаў.

Па словах Марата Гаравога, выставу мярукуецца адкрыць напярэдадні Дня ўшанавання продкаў – Дзядоў. У яе рамках пройдзе навукова-практычная канферэцыя, на якой будуць абмеркаваны актуальныя праблемы сітуацыі вакол Курапатаў. „Апроч таго на гэтай выставе мы звернемся да творцаў з прапановай аб удзеле ў конкурсе на лепшую ідэю мемарыялізацыі Курапатаў”, – падкрэсліў Марат Гаравы.

* * *

Грамадства павінна аб’яднацца ў абарону мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў Курапаты ад разбурэння, – лічыць публіцыст і кінадраматург Уладзімір Халіп. Ён увайшоў у склад працоўнай групы па падрыхтоўцы адкрытага нацыянальнага конкурсу на лепшую ідэю ўшанавання ў Курапатах бязвінных ахвяраў савецкага таталітарызму. Першае паседжанне гэтай групы адбылося ў Менску. Па словах Уладзімра Халіпа, Курапаты – гэта сімвал і рубеж абароны ўсёй Беларусі ад нахабнага і цынічнага рэжыму, які праводзіць інтарэсы гэтак званага „рускага міру”, ініцыяванага Пуціным.

– Мы маем дачыненне з імперскай агрэсіяй, яна адбываецца перш за ўсё ў напрамку ідэалогіі, у напрамку духоўных багаццяў народа. І вось тут трэба ўжо стаяць да канца. Я думаю, што людзі будуць далучацца, у краіне шмат неабыякавых людзей, якія здольныя і могуць бараніць сваю краіну.

Тым, хто замахваецца на нацыянальную святыню – мемарыял Курапаты, трэба даць зразумець, што тут існуе не толькі ўрад і чынавенства, але што тут ёсць народ. І народ глуміцца над самой нікому не дахволіць, – упэўнены Уладзімір Халіп.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя