Ужо месяц у гомельскім СІЗА знаходзіцца французскі журналіст
24-гадовы француз Жулян Віё быў затрыманы падчас праходжання беларуска-ўкраінскай мяжы ў пункце пропуску Новая Гута з-за патрона ў кішэні.
З ліставання журналіста з роднымі вынікае, што патрон яму падарыў польскі сябар у якасці сувеніра. Старшыня Гомельскай філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў Анатоль Гатоўчыц звяртае ўвагу на непрапарцыйна жорсткае пакаранне Жуляна Віё.
– Няхай следчыя ці адпаведныя органы разбіраюцца што ды як. Але я не думаю, што журналіст, які праехаў паў-Еўропы, вёз нешта такое кепскае праз беларускую мяжу, каб яго за гэта караць. Па сутнасці, каля месяца ён сядзіць, ён ужо пакараны за сваю неабачлівасць.
Паводле беларускага заканадаўства, арыштаванаму журналісту рэгіянальнага выдання La Depeche Жуляну Віё можа пагражаць да 7 гадоў зняволення за незаконнае захоўванне і перавоз боепрыпасаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота ladepeche.fr