Ужо прышчапілася больш за 1 мільён 300 тысяч жыхароў Беларусі
У Міністэрстве аховы здароўя разлічваюць, што да канца жніўня ў краіну паступіць каля 1 мільёна доз супрацькавіднай вакцыны кітайскай вытворчасці. Па планах, гэта істотна паскорыць працэс імунізацыі. На сённяшні дзень вакцынацыяй ахоплена звыш 1 мільёна 300 тысяч жыхароў Беларусі, з якіх на другі кампанент чакае блізка 600 тысяч чалавек.
Па словах лекаркі Надзеі Аксак, паставіць прышчэпку яна вырашылася толькі ў траўні:
– Прыняла рашэнне, каб не ствараць сваім блізкім праблем нейкіх, вырашыла прышчапіцца. Я спадзявалася горшага насамрэч, бо і ўзрост не малады, але я лёгка перанесла. Калі б не дамашняя фізічная праца, то я б нават не адчула. Невялікае недамаганне і ўсё.
Па дадзеных на 26-е ліпеня, у краіне выяўлена 648 новых выпадкаў захворвання, памерла 9 чалавек і пад наглядам медыкаў застаецца каля 6 тысяч пацыентаў.
Беларускае Радыё Рацыя