Ужо тыдзень невядома, дзе знаходзіцца Уладзімір Гундар



У гарадзенскай турме асуджаным абвінавачаным па «справе Аўтуховіча» пагражаюць карцарам, прымушаюць распранацца ў халодным памяшканні, штурхаюць і б’юць, паведамляе „Вясна”.

Ужо тыдзень невядома, дзе знаходзіцца баранавіцкі актывіст з інваліднасцю (няма нагі) Уладзімір Гундар.

«Уся інфармацыя пакуль толькі праз трэція рукі. Сама хачу паехаць у аўторак, каб патрапіць на спатканне… Над імі ўсімі зараз здзекуюцца, вобшукі бясконцыя, распранаюць у халодным памяшканні, падкідваюць паперкі з надпісамі, быццам бы „малявы”», — заявіла @pozirkonline жонка Уладзіміра Гундара Алена.

Яго дачка Інга Стромская распавяла, што ўжо тыдзень дакладна невядома, дзе знаходзіцца бацька.

«Яго гвалтоўна вывелі з праслухоўвання аўдыёматэрыялаў паседжання, куды зараз водзяць усіх фігурантаў. У гэты момант тата паспеў крыкнуць, што яго б’юць там. Пасля гэтага ў калідорах уключылі музыку, і больш нічога пра яго невядома», — сказала Стромская.

У дзяжурнай частцы сваякам паведамляюць, што Уладзімір Гундар знаходзіцца ў камеры, прымаюць перадачы. «Калі ўсё добра, чаму тады яго не прыводзяць на паседжанні, як і ўсіх?» — запыталася жанчына.