Узмацняецца ціск на незалежныя прафсаюзы



„Ціск на незалежныя прафсаюзы не спыняецца, а наадварот узмацняецца”, – кажа намеснік старшыні Свабоднага прафсаюзу Мікола Шарах.

Прафсаюзных актывістаў па ўсё Беларусі мэтанакіравана звальняюць з працы:

– Ціск не спыняўся ніколі, ён толькі ўзмацняецца. Вось на мінулым тыдні прыйшла інфармацыя, што з Бабруйска звольнена актывістка Свабоднага прафсаюза – суполкі, якая там на бабруйскім прадпрыемстве, Аксана Кірнажыцкая. Шматлікія звароты ў розныя інстанцыі, да дэпутаў розных узроўняў нічога не далі. Мэта пастаўлена – знішчэнне незалежных прафсаюзаў.

Мікола Шарах працуе памочнікам майстра ў акцыянерным таварыстве “Полацк-Шкловалакно”, дзе ім была створана найбуйнешая на Полаччыне суполка Свабоднага прафсаюза. Шарах набыў юрыдычную адукацыю ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце і актыўна абараняе ў судзе Полацка правы працоўных.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя